З 10 сакавіка да 12 красавіка 2020 г. Гётэ-Інстытут у Беларусі, Інстытут сувязей з замежнымі краінамі (ifa) і Палац мастацтва ў Мінску праводзяць выставу «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень».

Выстава ахоплівае 60 гадоў развіцця сучаснага мастацтва Усходняй і Заходняй Германіі, на ёй будуць прадстаўлены жывапіс, графіка, фатаграфія, відэа, скульптура і інсталяцыі – усяго каля 400 прац і амаль 100 мастакоў.

Штутгарцкі Інстытут сувязей з замежнымі краінамі (ifa), заснаваны яшчэ ў 1917 годзе, з 1949 года займаўся прасоўваннем мастацтва ФРГ у свеце і сабраў велізарную калекцыю прац мастакоў з Заходняй Германіі. Пасля падзення Берлінскага мура ў 1990 годзе фонды твораў цэнтра мастацкіх выстаў ГДР таксама перайшлі пад кіраванне ifa. Праз два дзесяцігоддзі нарадзілася ідэя з'яднаць абедзве ўнікальныя калекцыі ў адной экспазіцыі.

На выставе ў Палацы мастацтва гледачы ўбачаць працы не толькі знакамітых нямецкіх мастакоў, прызнаных ва ўсім свеце (Ёзэф Бойс, Зігмар Польке, Герхард Рыхтэр, Андрэас Гурскі, Бернд і Хіла Бэхер, Рэбека Хорн, Нам Джун Пайк і іншыя), але і аўтараў, якія, нягледзячы на іх мастацкі маштаб, не здабылі славутасці з палітычных прычын.

Поўны спіс мастакоў, працы якіх можна будзе ўбачыць на выставе «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень», прыводзіцца на старонцы ifa.

Паводле задумы куратараў, праект стаў адмысловым экскурсам у мінулае і дазволіць зазірнуць у інтэлектуальнае і мастацкае жыццё ФРГ і ГДР. Узяўшы за аснову ўражвальную калекцыю сучаснага мастацтва ifa, куратары выставы Маціяс Флюге і Маціяс Вінцэн змаглі даць агляд ключавых момантаў мастацкага жыцця пасляваеннай Германіі: удзел у еўрапейскім арт-руху 50-х - 60-х гадоў, fluxus, Дзюсельдорфская школа фатаграфіі, рух «Новыя дзікія» канца 70-х гадоў, фігуратыўнае мастацтва 80-х, пратэставае мастацтва канца 90-х і пачатку 2000-х. Выстава ад пачатку задумвалася як перасоўная. Пасля прэм'еры ў Карлсруэ (Германія) у 2013 годзе яе ўжо ўбачылі шмат у якіх гарадах і краінах. Мінск – доўгачаканы наступны прыпынак гэтага маршрута.

Куратары: Маціяс Флюге, рэктар Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Дрэздэне, аўтар. Маціяс Вінцэн, прафесар гісторыі і тэорыі мастацтва, Вышэйшая школа выяўленчага мастацтва федэральнай зямлі Саар.

ДЭТАЛІ

Кошт: Уваход на адкрыццё вольны, у іншыя дні 6/3 р.

+375 17 2377119, +375 17 2881549

Irina.Pinigina-Petrowskaja@goethe.de

Адкрыццё 10.03.2020 г. у 19:00.

Выстава працуе з аўторка па нядзелю з 11 да 20 гадзін