16 верасня 2021 года ў 18.00 у галерэі "Палац мастацтва", зале #2, у рамках фестывалю мастацтва «Аrt-Мinsk-2021» адкрыецца выстава фатаграфii «ТыЯ» Марыны Бацюковай, прымеркаваная да 60-годдзя мастачкі. Тое, як мы глядзім на фотаздымак, пачуцці, якія пры гэтым узнікаюць - гэта, у сваю чаргу, нашае ўласнае адлюстраванне. фотаграфія, як люстэрка і люстэрка, як фотаграфія - галоўны сэнс выставы "ТыЯ".

З уласцівай далікатнасцю і цікаўнасцю да чалавека, яго ўнутранага свету, Марына Бацюкова стварае партрэты сучаснікаў на працягу ўсёй творчасці. Кожная серыя - гэта максімальна скацэнтраваны позірк, спасціжэнне праз уласнае запавольванне і настройванне на эмацыйную хвалю чалавека побач, які пражывае свае пачуцці. У кожным партрэце мы бачым не толькі асобу, але і фатографа.

Юбілейная экспазіцыя аб'яднала тры серыі партрэтаў: "Сам-насам" 2010, "Рэха цішыні. Хочаш нас пачуць - глядзі" 2010, "Рызомы" 2018.

Серыя "сам-насам" пераносіць у галерэю сакральную прастору храма. Партрэты, зробленыя падчас богаслужэння, перадаюць духоўны свет прыхаджан, іх настрой і даюць магчымасць гледачу не толькі назіраць за вобразамі, але і прыслухацца да ўласнай душы. "Рэха цішыні. Хочаш нас пачуць - глядзі" - праект пра радасць, неабсяжнасць творчасці і абмежаванасць вонкавага асяроддзя дзяцей з парушэннямі слыху. Як нам пачуць іх унутраны маўклівы дыялог са светам і самім стаць пачутымі імі?

Праект-даследаванне "Рызомы", які грунтуецца на азначэнні ідэнтычнасці і ўяўленні беларусаў пра саміх сябе, самы маштабны і аддалены па часе ад папярэдніх. Для аўтаркі ўжо недастаткова аднаго толькі партрэта, яна ўступае ў адкрытую дыскусію са сваімі героямі і гледачамі.

Выстава "ТыЯ" Марыны Бацюковай будзе адкрыта ў Палацы мастацтва з 16 па 29 верасня.

Марына Бацюкова – фатограф, куратарка, намесніца старшыні беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў. сябра беларускага саюза мастакоў. Нарадзілася, жыве і працуе ў г. Мінску. Кар’еру фатографа пачала ў творчых майстэрнях беларускай акадэміі мастацтваў. вучылася ў маскоўскай школе фатаграфіі і мультымедыя імя А.Родчанкі.

Спецыялізуецца ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы фотадаследаванняў – штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, узаемаадносіны чалавека з наваколлем, сацыяльныя ролі і паводзіны ў грамадстве.

Фатаграфіі экспанаваліся на персанальных і калектыўных выставах у Беларусі, Славакіі, Германіі, Літве, Эстоніі, Украіне, Азербайджане, Расіі, Грузіі, Арменіі.