Куратар праекта – Андрэй Басалыга.
Праект “Графіка года” распачаўся ў 2017 годзе, як выстава-конкурс секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў. Праект ад пачатку быў накіраваны на папулярызацыю і развіццё графічнага мастацтва не толькі ў беларускай культурнай прасторы, але і на міжнародным узроўні.
З таго часу праект збірае і дэманструе ўсё лепшае, што было створана ў графіцы за мінулы год. Малюнак, акварэль, лінагравюры, літаграфіі, новыя магчымасці лічбавых тэхналогій – увесь дыяпазон творчых падыходаў і тэхнічных эксперыментаў у галіне арыгінальнай і друкаванай графікі можна ўбачыць на новай выставе “Графіка года’21”.
Беларуская школа графікі вядома далёка за межамі нашай краіны, дзякуючы высокаму прафесіяналізму майстроў графічнага мастацтва, з якімі будзе цікава пазнаёміцца як шчырым аматарам, так і прафесійным калекцыянерам.
У гэтым годзе на конкурс было пададзена больш за 140 заявак, звыш 350 работ. Для ўдзелу ў выставе “Графіка года’21” былі адабраны 180 работ больш за 70 аўтараў. У экспазіцыі можна ўбачыць працы рознай стылістычнай скіраванасці і шматлікія варыяцыі разнастайнага тэхнічнага выканання. Усіх прадстаўленых аўтараў аб’ядноўвае глыбіня творчага пошуку, арыгінальнасць вобразных знаходак і яркая індывідуальнасць.