24 лютага 2022 года ў 18.00 ў вялікай зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “SculptFest". Лаўрэаты”, у экспазіцыі якой прадстаўлены асобныя павільёны 12 лаўрэатаў рэспубліканскага Фестываля скульптуры “SculptFest” Беларускага саюза мастакоў.

Фестываль скульптуры «SculptFest», які адбыўся ў красавіку 2021 года, – маштабны выставачны марафон, які аб'яднаў на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў з усёй Беларусі.

ІВАН АРЦІМОВІЧ, адзін з куратаў Фестываля: “На выставе было прадстаўлена месца самым розным плыням – ад традыцыйных партрэтных і фігуратыўных вобразаў і кампазіцый да праяваў сучаснага нефігуратыўнага мастацтва, якое больш чым які-небудзь накірунак патрабуе ад гледача супрацы, уважлівага пранікнення ў сутнасць аўтарскай канцэпцыі. Пры гэтым, як паказваюць апошнія гады выставачнай дзейнасці, прыхільнікаў класічнай школы і самых радыкальных авангардыстаў яднае пошук філасофскага складніку – мастакі даволі рэдка выбіраюць трывіяльныя сюжэты, ствараемыя вобразы алегарычныя, напоўненыя глыбокімі перажываннямі.”

У выніку работы мастацтвазанаўчага журы, аснову каторага склалі эксперты з буйнейшых сталічных музейных устаноў, на Фестывалі былі адабраны лаўрэаты ў 4 намінацыях – “Канцэпцыя”, “Навацыя”, “Традыцыя”, “Майстэрства”. Сярод лаўрэатаў – прадстаўнікі старэйшага пакалення Генадзь Буралкін, Анатоль Арцімовіч, Эдуард Астаф’еў (намінацыя “Традыцыя”), мастакі з яркімі асобнымі праектамі і гучнымі творамі – Васіль Васільеў (Віцебск), Канстанцін Селіханаў, Андрэй Вараб’ёў (Магілёў) (намінацыя “Канцэпцыя”), Вольга Орсік, Павел Куніцкі, Антон Нічыпарук (намінацыя “Навацыя”), Уладзімір Панцялееў (Гродна), Іван Арцімовіч, Аляксандр Шапо (намінацыя “Майстэрства”).

У экспазіцыі прадстаўлены павільёны, дзе скульптары пакажуць асобныя праекты, серыі скульптурных прац ў спалучэнні з аўтарскай графікай, створаць персанальную выставачную прастору, дзе асноўнае месца зойме асоба Аўтара з яго творчым метадам, светапоглядам, ідэямі.