24 лютага 2022 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адкрываецца выстава жаночых партрэтаў “FEMINA FABULAS”. У выставачным праекце ўдзельнічаюць больш за 20 беларускіх мастакоў, сярод якіх вядомыя майстры і аўтары новага пакалення. Куратары праекта – Алена Шлегель і Алена Цагельская.

Выстава жаночых партрэтаў у духу часу, але без масак, уражвае сваёй шчырасцю, сур’ёзнасцю і разнастайнасцю стыляў. Кожны партрэт – традыцыйны, філасофскі, экспрэсіўны або сімвалічны – унікальны па сваёй выразнасці. З яркіх, рэальных, вядомых вобразаў складаецца цудоўная панарама жаночых характараў у таленавітым выкананні беларускіх аўтараў. Жаночыя персанажы заўсёды былі і застаюцца ўпадабаным матывам у творчасці мастакоў. Жаночыя гісторыі ў партрэтах – гэта аповед, не толькі поўны пачуццяў, але і з глыбокім разуменнем жыцця. У экспазіцыі архетыпы раскрываюцца ў вытанчаных дэталях, у кожнай карціны ёсць свая незвычайная прыцягальнасць, дзякуючы мноству сэнсаў, закладзеных у іх. Гераіні нашага часу могуць паўстаць як у абліччы лэдзі з мінулага стагоддзя, так і байкершаў у шлеме, – аднак, значна важней тое, што праз карціны глядач можа дакрануцца да цікавага ўнутранага свету кожнай з іх.

Прыгожыя дамы на сучасных партрэтах падтрымліваюць старажытныя міфы аб жанчынах і адначасова развенчваюць іх. У наш час жанчыны ў асноўным працягваюць сваю сакральную місію – натхняюць мужчын, выхоўваюць дзяцей, гарманічна ўзаемадзейнічаюць з прыродай. Аднак, у новым інфармацыйным стагоддзі, дыяпазон жаночай актыўнасці раптоўна пашырэў ад памераў хатняга агменю да маштабаў планеты. Сучасныя жанчыны па-ранейшаму неверагодна абаяльныя, а таксама вельмі харызматычныя, прасунутыя, крэатыўныя і неабыякавыя да таго, што адбываецца вакол – ім ёсць, што распавесці свету.

Расказчыкі з партрэтаў глядзяць на гледача з любоўю і мудрасцю - у праніклівых жаночых вачах, універсальных сімвалах і знаках эпохі можна бясконца “чытаць” дзіўныя жыццёвыя гісторыі і разгадваць загадку вечнай жаноцкасці.

Выстава жывапісу “FEMINA FABULAS” – гэта разважанне на хвалюючыя тэмы – пра новыя ролі для жанчын у цяперашні час і новыя магчымасці ўплыву жаночай паловы чалавецтва на перабудову свету ў будучыні.