24 лютага 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” адкрываецца выстава “Залатая калекцыя” да абвешчанага ў Беларусі Года гістарычнай памяці з фондаў Беларускага саюза мастакоў. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 40 знакавых імёнаў беларускіх мастакоў, палотны вядомых айчынных жывапісцаў.

Выстава “Залатая калекцыя” прэзентуе жывапісныя творы разнастайнага жанравага і тэматычнага дыяпазону вядомых беларускіх мастакоў другой паловы ХХ стагоддзя (менавіта з пачатку 1950-х гадоў пачала збірацца калекцыя Беларускага саюза мастакоў).

Невыпадкова мы прысвячаем экспазіцыю Году гістарычнай памяці. Аўтары большасці прадстаўленых работ – былыя франтавікі або дзеці пасляваеннага пакалення. Іх творчасць – неаддзельная ад гісторыі нашай краіны. Гісторыка-культурная спадчына Беларусі, звязаная з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, велізная, яна прадстаўлена шэдэўрамі літаратуры, музыкі і выяўленчага мастацтва. Перамога дагэтуль застаецца ў культурнай памяці, набываючы ўсё больш глыбокае і разнастайнае мастацкае асэнсаванне. Яна пранізвае творчасць многіх мастакоў, сярод якіх, безумоўна, франтавікі, якія пакінулі неацэнныя дакументальна-мастацкія сведчанні гора і вялікай мужнасці народа, які выдужаў і перамог. У іх эпічных жывапісных палотнах паказаны патрывожаны мірны побыт, у які ўварвалася трагедыя вайны, адбудаванне краіны, помнікі Перамогі і, безумоўна, вобразы ветэранаў. Тэма ветэранаў стала адной з ключавых для мастацтва беларускіх пасляваенных дзесяцігоддзяў.

Вярнуўшыся з фронту, людзі зноў палюбілі малую радзіму, свой край і прыроду. Жывапісныя творы мастакоў – былых франтавікоў адлюстроўваюць мясцовы каларыт праз вясковыя краявіды, праз зачараванне гарадскога пейзажа.

Сярод мастацкай спадчыны ветэранаў нямала партрэтаў. Нямногія мастакі-франтавікі засяродзіліся на тэме вайны, у многіх гэта тэма адлюстравана ў творчасці эпізадычна. Удзельнікі вайны неахвотна пра яе гавораць – ім цяжка да гэтай тэмы вяртацца. Таму у іх работах так многа яркіх фарбаў, лірычных тэм, адухоўленых жаночых і мужчынскіх вобразаў. Сярод аўтараў выставы “Залатая калекцыя” шмат мастакоў, якія прайшлі вайну. У работах былых франтавікоў Барыса Аракчэева, Антона Бархаткова, Натана Воранава, Пятра Данэліі, Яўгенія Зайцава, Адольфа Гугеля, Аляксандра Казлоўскага, Сяргея Каткова, Абрама Кроля, Паўла Масленікава, Мікалая Назаранкі, Віктара Пратасені, Міхаіла Чэпіка гучыць замілаванне мірным краявідам, у якім ужо няма жахаў вайны…

У экспазіцыі выставы “Залатая калекцыя” прадстаўлены яркія і эмацыянальныя пейзажы, нацюрморты, партрэты розных гадоў стварэння Віталія Цвіркі, Мая Данцыга, Аляксандра Кішчанкі, Анатоля Бараноўскага, Валяр’яны Жолтак, Альгерда Малішэўскага, Івана Рэя, Пятра Свентахоўскага, Мікалая Селяшчука, Георгія Скрыпнічэнкі, Міхаіла Цурыкава і іншых. У іх работах гучыць замілаваны спеў роднай зямлі, зварот да нацыянальнай спадчыны і гісторыі мінулых стагоддзяў. Кожны іх твор – пранізлівы аўтарскі погляд на сусвет і Бацькаўшчыну, напоўнены вялікай любоўю да сваёй краіны і свайго народа.