17 сакавіка 2022 года ў 17.30 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адкрыецца Фестываль графікі “ПАПЕРА І ЛІНІЯ”, прысвечаны памяці знакамітага беларускага майстра-друкара Дзмітрыя Малаткова.

Фестываль праводзіцца пры падтрымцы Беларускага дома графікі УП “Мастацкі камбінат” Беларускага саюза мастакоў.

У экспазіцыі прадстаўлены работы чатырох аўтараў-юбіляраў – Андрэя Духоўнікава, Марыны Капілавай, Лізаветы Пастушэнкі, Сафіі Піскун.

Андрэй Духоўнікаў

Графіка Андрэя Духоўнікава ўнікальная па выкананні, тэхніцы і мае асаблівы аўтарскі стыль. Мастак вельмі тонка адлюстроўвае свае пачуцці і ўспрыманне навакольнага свету, выкарыстоўваючы для гэтага прастору звычайных, белых лістоў паперы.

Амаль усе свае творы Андрэй Духоўнікаў прысвяціў любімаму Віцебску, гораду, у які ён некалі закахаўся і звязаў з ім свой лёс. У яго малюнках прысутнічае няскончанасць і таямніца, раскрыць якую, на думку аўтара, яшчэ не надышоў час. У выкананні мастака Віцебск здаецца непазнавальным і нейкім далёкім, як быццам, гэта – не ён, а нейкі казачны горад у цэнтры сярэднявечнай, гатычнай Еўропы.

Марына Капілава

Экспазіцыя літаграфій Марыны Капілавай “Гісторыя аднаго каменя” падрыхтавана Беларускім домам графікі УП “Мастацкі камбінат” і прадстаўлена 7 работамі пастаяннага рэзідэнта друкаванай майстэрні Марыны Капілавай.

Усе працы надрукаваны ў розны час рознымі майстрамі-друкарамі, але ёсць тое, што іх аб’ядноўвае – месца друку і форма літаграфскага каменя. Жыццё гэтага каменя пачалося ў 1967 годзе, пазней пры падзенні ён быў расколаты, але працягнуў жыць у цёплых і клапатлівых руках Марыны Капілавай. Сам камень таксама можна будзе пабачыць на выставе.

Лізавета Пастушэнка

Графічныя прасторы, якія Лізавета Пастушэнка стварае ў сваіх працах, вырастаюць з філасофскіх разважанняў аўтара над жыццём і чалавечымі ўзаемаадносінамі. Аўтар узнімае пытанні дабра і зла, глабальнага і прыватнага, штодзённага і ўзнёслага, разглядаючы іх вачыма душы. Лізавета Пастушэнка выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадміі мастацтваў, і паралельна з гэтым творча працуе, у тым ліку займаецца кніжнай ілюстрацыяй, бярэ ўдзел у стварэнні анімацыйных фільмаў на кінастудыі “Беларусьфільм”. У 2021 годзе мастачка атрымала Прэзідэнцкі грант у сферы культуры на стварэнне серыі партрэтаў “Падзвіжнікі Жыровіцкай абіцелі”.

Сафія Піскун

Творчае крэда мастачкі вызначае майстэрскае валоданне складанымі прыёмамі друкаванай гравюры. Яна з аднолькавай ўвагай і стараннем ставіцца і да стварэння вялікіх афортаў, і да твораў малой графікі – экслібрыса, мініяцюрнай гравюры.

Творы Сафіі Піскун вызначаюцца складанай кампазіцыяй, калажным сумяшчэннем у адно цэлае разнапланавых і розначасовых фрагментаў, якія быццам бы ствараюць на яе лістах складаную, супярэчліваю праекцыю структуру светабудовы. Божы свет, свет прыроды, раслін, жывёл, вялікіх хрысціянскіх ісцін сумяшчаецца на яе гравюрах са штучнымі канструкцыямі, фрагментамі архітэктуры і гарадскіх краявідаў. У гэтым супярэчлівым адзінстве боскага, прыроднага свету і штучнага свету, створанага чалавекам, бачыць мастачка крыніцу свайго натхнення, імкнецца данесці яе да гледача.

Выстава працуе па 3 красавіка 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак – нядзеля з 11:00 да 20:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).