Да свята Вялікай Перамогі Беларускі саюз мастакоў падрыхтаваў выставу “Памяць пакаленняў”, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне і генацыду беларускага народа ў гады вайны. Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” 5 мая 2022 года ў 18.00.

Вайна – адна з тых тэм, якая нікога не пакідае абыякавым. З аднаго боку, размовы пра яе дапамагаюць вызваліцца ад болю ўспамінаў тым, хто быў яе непасрэдным удзельнікам, з другога – усе творы ў літаратуры, кіно, выяўленчым мастацтве даюць магчымасць захаваць памяць аб героях, падзеях, якія нельга забываць. Калі звярнуцца да творчасці беларускіх мастакоў, то яны гавораць пра Вялікую Айчынную вайну пранізліва, з болем, з пачуццём падзякі да тых, хто вынес усе нягоды на плячах, праўдзіва, з пазіцыі той цаны, якой дасталася нашаму народу Перамога.

У экспазіцыі выставы “Памяць пакаленняў” можна будзе пазнаёміцца з работамі ветэранаў, класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Беларускія мастакі ўжо з канца 1940-х гадоў пачалі мастацкае асэнсаванне трагедыі, якая адбылася на беларускай зямлі. Кожнае пакаленне аўтараў дадавала ў бачанне Вялікай Айчыннай вайны нешта сваё, асаблівае, але заўсёды вельмі эмацыянальнае ўяўленне. Многія аўтары перажылі трагедыю асабіста, страціўшы ўсіх блізкіх ці правёўшы дзяцінства на акупаванай тэрыторыі. Іх творы – мастацкае абвінавачванне фашызму, заклік да міру.

У рамках выставы будуць прадстаўлены работы Студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным доме афіцэраў “Абаронцам айчыны прысвячаецца”. Ужо больш за 15 гадоў таму студыя заявіла аб сабе выставай “Памяць”, рэканструяваўшы на палотнах падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ўдзельнікі студыі пішуць з натуры ваенныя вучэнні, фіксуюць новыя перамогі краіны на зямлі і ў космасе. Захоўваюць традыцыі і сцвярджаюць, што рэалістычнае мастацтва ўсё такое ж актуальнае, як і дзесяцігоддзі таму.

Асобная экспазіцыя распавядзе пра помнікі ваеннага часу (мемарыяльныя комплексы, манументальныя аб’екты, памятныя знакі), якія былі створаны ў розныя гады на камбінатах Беларускага саюза мастакоў – Мастацкім і Скульптурным. Сярод іх – мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Трасцянец”, “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі Магілёўскай вобласці, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза В.Е.Лабанка, помнік “Беларусь партызанская” ў г.Мінску і многія іншыя.

Ну і вядома, важным складальнікам выставы стане экспазіцыя сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі, сяброў Беларускага саюза мастакоў. На ёй можна будзе пазнаёміцца з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі керамікі, шкла і тэкстылю. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.

Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць сёння аўтары, – гэта памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта – метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповяд аб болі і душэўных траўмах, якія яна нясе. Працы нашых сучаснікаў часта валодаюць складанай сэнсавай нагрузкай, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў. У сваіх творах мастакі інтэрпрэтуюць вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі вяху – Вялікую Перамогу.

Пад час выставы мастакі і мастацтвазнаўцы Беларускага саюза мастакоў правядуць сустрэчы і экскурсіі з навучэнцамі мастацкіх каледжаў.

Палац мастацтва – пачатковы пункт працы выставы-акцыі “Памяць пакаленняў”. Найбольш знакавыя і яркія работы беларускіх аўтараў Беларускім саюзам мастакоў будуць паказаны адразу на некалькіх выставачных і музейных пляцоўках краіны, у тым ліку ў Бабруйскім мастацкім музеі, Слуцкай галерэі, Валожынскім краязнаўчым музеі і іншых гарадах.