16 чэрвеня 2022 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адкрываецца юбілейная выстава сябры секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў ІВАНА КОЗЕЛА.
На выставе прадстаўлены жывапісныя працы Івана Козела 1996 – 2022 гадоў, прысвечаныя архітэктурным і прыродным ландшафтам Беларуci .
З артыкула кандытата мастацтвазнаўства Галіны Горавой:
“ У выставе робiцца спроба злучыць прыкметы нацыянальнага прыроднага i архiтэктурнага асяроддзя, каб перадаць пазнавальны вобраз i каларыт беларускага ландшафта. У карцiнах злучаюцца явы прыроды i гiстарычныя архiтэктурныя збудаваннi. Сутнасць раскрыцця пейзажнага вобразу – не толькi ў растварэннi душы мастака у любовi да прыроды, але таксама ў спасцiжэннi фiласофскай сутнасцi навакольнага свету, у выяўленнi асноў нацыянальнай ментальнасцi,у аднаўленнi гiстарычнай памяцi свайго народу…
Стрыманасць палітры і праца з вялікімі колеравымі адносінамі складаюць аснову творчай манеры Івана Козела. Напэўна, дзякуючы гэтай індывідуальнай рысе надзвычай плённым было творчае судакрананне маладога жывапісца з асобай і метадалагічным прынцыпам М. Савіцкага – “пісаць не побыт, а быццё”, адбіраць і супастаўляць элементы мастацкай формы, ніколі слепа не пераймаць прыроду і не капіраваць натуру. Паводле гэтай жывапіснай прэамбулы, мінімізацыя сродкаў твора не даніна экспрэсіянізму, а метад дасягнення адпаведнасці формы зместу…
Сюжэтна-тэматычныя прыярытэты жывапісу Івана Козела вызначаны паэтыкай натуральнага шматаблічнага жыцця прыроды, вечнай ідэяй гарманічнага суіснавання чалавека і яго асяроддзя… Сціплыя, пазбаўленыя знешняй эфектнасці архітэктурна-ландшафтныя віды прасякнуты элегічнымі нотамі. Тут прыметы нацыянальнага прыроднага і архітэктурнага асяроддзя, а таксама пазнавальны, прыглушаны і стрыманы каларыт беларускага ландшафту далучаюць гледача да павольнага і шчырага аўтарскага маналогу…
Апора на пленэрную практыку дазваляе жывапісцу дакладна перадаваць танальныя адносіны натуры; шматлікія штудыі спрыяюць пераканаўчай характарыстыцы стану прыроды…
Нацыянальная мастацкая традыцыя настолькі адчувальная у пейзажах Івана Козела, што цяжка пераадолець спакусу разглядаць яго творчасць “як люстэрка” пейзажнага жывапісу Беларусі…”
Козел Iван Мiкалаевіч
Нарадзiўся 29.04.1962 у в. Нёўда Навагрудскага р-на, Гродзенскай вобласці.
1996 – скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмiю мастацтваў, аддзяленне жывапiсу.
1997 – 2000 – стажыраваўся ў Творчых акадэмiчных майстэрнях Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь. Працуе ў розных жанрах станковага жывапiсу, пераважна ў пейзажы.
1999 – сябра Беларускага саюза мастакоў.
З 2001 – выкладае ў гiмназii-каледжы мастацтваў I.В.Ахрэмчыка
Творы знаходзяцца ў Музеі гісторыі горада Мінска, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, Доме-музеi А. Мiцкевiча ў Навагрудку, лiтаратурным музеi М.Багдановiча ў Мiнску, Дзятлаускiм гiсторыка-краязнаўчым музеi, Крычаўскiм гiстарычным музеi, прыватных зборах Беларусi, Расіі, ЗША, Перу.
Выстава працягнецца да 3 ліпеня 2022 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).