7 ліпеня 2022 года ў 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацта” адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Жыццё чалавека” дваццаці сучасных мастакоў Магілёўшчыны, сяброў Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў.

Магілёўская зямля, авеяная паданнямі і легендамі, – край, багаты на гістарычную і культурную спадчыну. У розныя часы, нягледзячы на спусташальныя войны і ліхалецці, гэта спадчына аднаўлялася і развівалася, бо нельга спыніць прагу людзей да мастацтва. Пра гэта красамоўна сведчаць летапісныя, літаратурныя і архітэктурныя помнікі Магілёўшчыны. На трывалым гістарычным падмурку мастацтва Магілёўскай вобласці набыло сваю адметнасць і ў ХХІ стагоддзі.

Выстава “Жыццё чалавека” прадстаўляе рэтраспекцыю мастацкіх твораў, звязаных з тэмай лёса і жыцця чалавека. Аўтары розных пакаленняў, сабраныя ў адной экспазіцыйнай прасторы, выклікаюць на развагі наведвальніка, дый вядуць дыялог паміж сабой. Сёння перад гледачом прадстаўляецца вопыт сталага пакалення, пераасэнсаванне традыцый і новая мова мастацтва маладзейшых майстроў.

Актыўную творчую дзейнасць працягваюць мастакі старэйшага і сярэдняга пакаленняў: Ю.Несцярук, Л. Сівакова, Б.Первунінскіх, А.Концуб, В.Калтыгін, Г.Конанава, В.Юркова, М.Несцярук, К. Аляксееў, В. Камароў, А. Сувораў, У. Конанаў. Разам з імі займаюць годнае месца ў мастацкім жыцці творцы, што ўпершыню заявілі пра сябе на пачатку 1990-х гадоў: Л.Журавовіч, А.Вераб’ёў, І.Бяспалаў. У 2000-х гадах актыўна творча працуюць: А. Ціханавец, Я. Зайцаў, А.Еўдакіменка, А. Мінькоў, Р. Коршунаў.

Асацыятыўная форма вобразнай інтэрпрэтацыі становіцца асновай творчай практыкі мастакоў Магілёўшчыны. У іх работах усё часцей адсутнічае перспектыўная пабудова, ускладняецца пластычнасць мовы выяўленчага мастацтва, нарастае метафарычнасць і сімвалічная ўмоўнасць, з’яўляюцца знакавыя формы. Пры ўсёй шматварыянтнасці эмацыянальна-псіхалагічных сітуацый у творах заўважны ухіл да супастаўлення інтэлектуальных і маральных пачаткаў.

Выяўленчае мастацтва відавочна страчвае сацыяльны пафас, назіраецца адыход ад пэўнай рэчаіснасці вобраза. Так, Г.Конанава, Л.Журавовіч, М.Несцярук, В.Юркова шукаюць крыніцу вобразнасці ў сваім унутраным вопыце.

У творах А.Суворава, В.Калтыгіна, А.Концуба, Ю.Несцярука, А. Вераб’ёва ёсць імкненне да філасофскага абагульнення. Мастакі не проста адлюстроўваюць рэальны, дакументальны факт, а ставяць пэўную сацыяльна-філасофскую праблему, даюць ёй мастацкую інтэрпрэтацыю.

Рэгіяналізм – пачуццё асабістай любові да малой Радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных мясцін, глыбокая цікавасць да страчаных побыту, абрадаў і звычаяў, людзей, якія нарадзіліся, жывуць і славяць сваімі дасягненнямі Магілёўскі край. Гэта тэндэнцыя найбольш поўна выявілася ў жанравых кампазіцыях, партрэце, тэматычнай карціне, Г. Конававай, Л.Журавовіч, А.Концуба, В. Юрковай, Р.Коршунава, Я.Зайцава.

Мастакі Магілёўшчыны актыўна адгукнуліся на трагічныя вынікі экалагічнай бяды і лёсы людзей, якія засталіся жыць і працаваць у гэтых мясцінах. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў творах Л.Сіваковай, А.Концуба, Ю.Несцярука і інш.

Спадзяюся, што выставачны праект “Жыццё чалавека” адкрые для наведвальнікоў і прыхільнікаў выяўленчага мастацтва яркія старонкі беларускай духоўнай спадчыны, новыя творы выяўленчага мастацтва і стане значнай з’явай у культурным жыцці ўсёй Беларусі.

Святлана Строгіна, мастацтвазнаўца, загадчык філіяла “Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі” .

Выстава працягнецца да 7 жніўня 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva