21 кастрычніка 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў “Палац мастацтва” (вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы “Палітра “Верасня” секцыі ГА БСМ “Верасень”.

Секцыя “Верасень” была створана ў 1989 г. і стала адной з творчых суполак, якія з’явіліся як у Беларускім саюзе мастакоў у перыяд 1980-90 гг., калі мяняліся і актыўна абмяркоўваліся формы, канцэпцыі і далейшыя шляхі развіцця нацыянальнага мастацтва. У секцыі сабралася цэлая пляяда таленавітых творцаў (Г. Паплаўскі, Н.Паплаўская, С. Волкаў, Я. Жылін, Л. Марчанка, У. Пашчасцеў, Н. Рыжыкаў, Н. Казлоў, В. Кліменка, У. Шнарэвіч і інш.), якія яскрава заявілі аб сабе ў станковай, часопіснай і кніжнай графіцы. Дзейнасць некаторых з іх у якасці не толькі ілюстратараў, але і мастацкіх рэдактараў вядучых беларускіх выдавецтваў шмат у чым паўплывала на фарміраванне нацыянальнай кніжнай графікі, яе самабытнасці і высокага прафесійнага ўзроўню. Разам з ужо названымі майстрамі, даўно і трывала займаюць сваё месца ў айчыннай культурнай прасторы і Н. Сустава, І. Лобан, Т. Царова, Е. Паплаўская, Р. Сіплевіч, З. Эрэнбург, Т. Чарнышова і іншыя мастакі-“вераснёўцы”.

Як творчая супольнасць, “Верасень” быў і застаецца сёння арыентаваны перш за ўсё на захаванне найважнейшай ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва. Усе “вераснёўцы” ў большай ці меншай ступені імкнуцца да філасофскіх і лірычных сюжэтаў, літаратурных і культурных асацыяцый, развіваючы на сучасным этапе ідэю дыялогу мастацкіх моў. Агульнымі для іх застаюцца і прынцыпы творчасці – злучэнне сучасных выяўленчых формаў з традыцыямі класічнай эстэтыкі, сувязь з нацыянальным фальклорам.

Хоць першапачаткова “Верасень” быў у асноўным аб'яднаннем графікаў, члены супольнасці паспяхова рэалізавалі сябе і ў іншых відах творчасці – жывапісу, сцэнаграфіі, дызайне, прыкладным мастацтве, у педагагічнай дзейнасці. У цяперашні час секцыя спалучае мастакоў некалькіх пакаленняў, якія выконаюць творы ў разнастайных тэхніках, напрамках і стылях– ад рэалізму і экспрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі, ад малюнка і друкаванай графікі да жывапісу.

Значнае месца на справаздачных выставах займае акварэль, у якой плённа працуюць такія выдатныя майстры гэтай тэхнікі, як І. Лобан, Я. Саковіч , Н. Марчанка, Н. Сустава і інш. У апошнія гады секцыя папоўнілася цэлым шэрагам таленавітых і вельмі розных жывапісцаў (Р. Сіплевіч, Э. Бубашкіна, В. Віткоўская , А. Каласенцава, С. Шэмет, Л. Зарубіна). Сучасныя стылістычныя тэндэнцыі прыўносяць у экспазіцыю мастакі сярэдняга і маладога пакалення, якія валодаюць уласным творчым почыркам, прымаюць актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці (Н. Марчанка, У. Белавусава-Кірэенка, У.Швайба, Т. Дзяменцьева, М. Эрэнбург). Не парываючы з традыцыйнай маляўнічасцю, яны большую ўвагу надаюць пошукам у вобласці актуальнай мастацкай мовы – умоўнай трансфармацыі формаў, фактуры, дэкаратыўнасці.

За тры дзесяцігоддзі ў «Верасня» сфарміраваліся пэўныя выставачныя традыцыі. У экспазіцыі можна ўбачыць як новыя, дагэтуль не экспанаваныя працы, так і творы ранейшых гадоў, якія найболей поўна выказваючыя вобразна-стылістычныя пошукі кожнага мастака. Гэта алейны і акварэльны жывапіс, станкавая графіка, кніжная ілюстрацыя, якія ўяўляюць творчасць сяброў секцыі ва ўсей іх тэхнічнай і тэматычнай шматстайнасці. Акрамя новых твораў, на выставе заўсёды прысутнічае рэтраспектыва, прысвечаная творчасці калег, якія пайшлі з жыцця, як неад’емная частка культурных і духоўных сувязяў пакаленняў. У гэтым годзе прадстаўлены працы некалькіх заснавальнікаў “Верасня”, чые юбілеі прыпадаюць на апошнія гады – Г. Паплаўскага, В. Кліменка, М.Казлова, М.Рыжыкава, Л. Марчанка. З моманту стварэння і па гэты дзень, “Верасень” застаецца супольнасцю творчых індывідуальнасцяў, якія працягваюць з годнасцю развіваць прынцыпы эстэтычнай каштоўнасці мастацтва, з якіх складваецца полiстылiстiка выставы – як шматколерная палітра формаў, эмоцый, традыцыйных тэхнік і эксперыментаў мастакоў аб’яднання, у якой кожны глядач можа знайсці для сябе нешта блізкае .

Марына Эрэнбург, старшыня секцыі ГА БСМ «Верасень».

Выстава працягнецца да 6 лістапада 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Кошт: 10 руб., льготны - 5 руб.