21 кастрычніка 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе Беларускага саюза мастакоў “Палац мастацтва” адкрыецца юбілейная выстава “Берагі маіх гарызонтаў” жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1992 г.), лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2005 г.) Уладзіміра Васільевіча Уродніча. Выстава прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння мастака і 50-годдзю яго творчага шляха. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 работ мастака.

Уладзімір Уродніч нарадзіўся ў 1942 годзе на хутары Лучкі каля вёскі Вялікія Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.Глебава (вучыўся ў А.Шаўчэнкі) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (вучыўся ў І.Ахрэмчыка, Н.Воранава). Больш за 30 гадоў Уладзімір Уродніч працаваў у апараце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пасля быў дэканам мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

З 1974 года Уладзімір Васільевіч з’яўляецца членам Саюза мастакоў СССР, цяпер – Беларускага саюза мастакоў, у якім узначальвае аб'яднанне “Традыцыя”. Член Студыі ваенных мастакоў пры Доме Афіцэраў. Пастаянны ўдзельнік усесаюзных, рэспубліканскіх і іншых мастацкіх выставак, пачынаючы з 1973 года. Работы Уладзіміра Уродніча знаходзяцца ў музеях Рэспублікі Беларусь, сярод якіх Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і іншыя.

Пройдзены этап жыццёвага шляху, несумненна, наклаў адбітак на творчасць мастака. Тэма малой радзімы, зямлі бацькоў, дзядоў і прадзедаў займае асаблівае месца ў творчасці Уладзіміра Уродніча. У работах мастака гучаць настальгічныя і шчырыя ўспаміны аб маленстве і юнацтве на хутары Лучкі. Нягледзячы на тое, што сам мастак значную частку жыцця правёў у вялікіх гарадах, у сваёй творчасці ён кожны раз вяртаецца ў родныя мясціны, успамінае знаёмыя з дзяцінства сцяжынкі. А побач з успамінамі маленства – работы, якія распавядаюць аб развіцці яго малой радзімы ў пасляваенны перыяд. Аўтарскі цыкл “Людзі Столеншчыны”, у які ўвайшлі фігуратаўныя кампазіцыі, партрэты, пейзажы, адлюстроўвае рамантыку працы палешукоў, іх імкненне развіваць і паглыбляць традыцыі продкаў.

Акрамя ўспамінаў пра родны хутар, Уладзімір Васільевіч надае вялікую ўвагу тэматыцы асэнсавання Вялікай Айчыннай вайны. Для многіх жыхароў нашай краіны доўгачаканы Дзень Перамогі быў азмрочаны весткай аб гібелі родных, якія пайшлі на вайну і аддалі свае жыцці дзеля мірнай будучыні. На жаль, не стала выключэннем і сям’я У.Уродніча. Пазней некаторыя са сваіх карцін аўтар прысвяціў партызанскаму руху ў Беларусі і камандзіру Тамілаву, у атрадзе якога ваяваў бацька. Уладзімір Васільевіч часта згадвае, як будучы яшчэ зусім маладым спецыялістам ў 1974 годзе на памятных урачыстасцях у Столінскім раёне каля абеліска з тэкстам “На гэтым месцы ў 1943 годзе загінуў партызаў В.В.Уродніч”, мастак нібыта пачуў голас бацькі: “Трымайся, ты цяпер застаешся замест мяне”. Таму кожная карціна на тэму вайны з’яўляецца для Уладзіміра Уродніча аўтарскім адлюстраваннем яго адносінаў да памяці аб подзвігу нашага народа.

У 2020 годзе мастак перадаў Столінскаму раёну 28 жывапісных палотнаў (кампазіцыі, партрэты, пейзажы) пад назваю “Плывуць аблокі над Радзімай”. Гэтыя работы леглі ў аснову стварэння ў Століне персанальнай галерэі мастака.

Мастацкая выстава “Берагі маіх гарызонтаў” сцвярджае галоўныя каштоўнасці Уладзіміра Уродніча: “У мяне ёсць мая краіна, мой народ, мае традыцыі. І ў гэтым мой сэнс майго жыцця”.

Выстава працягнецца да 6 лістапада 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Кошт: 10 руб., льготны - 5 руб.