10 лістапада 2022 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” адбудзецца адкрыццё рэспубліканскага выставачнага праекта V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22”. У экспазіцыі можна ўбачыць сучасны тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал, створаныя за апошнія тры гады.
Мерапрыемства праходзіць у рамках фестываля мастацтваў на некалькіх выставачных пляцоўках. Партнёрамі Беларускага саюза мастакоў з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей горада Мінска – Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Гарадская мастацкая галерэя Л.Д.Шчамялёва, арт-гасцёўня “Высокае месца”.
Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады напрыканцы года ў лістападзе праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У выставе ўдзельнічаюць не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю ГА “БСМ”, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да формаў, якія ўзаемадзейнічаюць з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз пагружэнне ў дэталі, фактуру і матэрыял. Сучасны тэкстыль дазваляе мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхналогіі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляе знайсці нечаканыя творчыя выяўленні і трансфармацыі тэм. Спектр мастацкіх рашэнняў надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэнні тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.
Кераміка таксама паступова выходзіць па-за межы традыцыйных форм. Для стварэння рэчаў “з зямлі” не патрабуецца шмат рэсурсаў. Але мастак можа выказаць максімум фантазіі і майстэрства ў адным творы. Асноўныя пошукі сучасныя мастакі-керамісты вядуць у накірунках паміж манахромнага мінімалізму і бруталізму і экспрэсіўнага эмацыянальнага маляўнічага і фантазійнага стылю. Але пры гэтым керамічныя аб’екты, як і раней, прапануюць гледачу цяпло, чалавечнасць, тактыльнасць і глыбіню эмацыянальнага ўспрыняцця. Кераміка, супраціўляецца аднастайнасці. Кераміка – заўжды індывідуальнае апавяданне.
Шкло, якое прадстаўлена на Трыенале асобным праектам, дэманструе разнастайнасць сучаснага мастацтва і дызайну: тут ёсць як традыцыйныя, так і наватарскія работы. Усе яны паказваюць выдатнае валоданне мастакамі тэхналогіямі, але пры гэтым далікатнасць падачы і аздаблення. Прадстаўлены работы з сімпозіума па мастацкім шкле, які прайшоў сёлета па ініцыятыве Беларускага саюза мастакоў на шклозаводзе “Нёман”. Такая творчая калабарацыя сяброў саюза і супрацоўнікаў завода, прымусіла ўсіх удзельнікаў праекта выйсці з зоны камфорту і дапамагла ўбачыць шляхі абнаўлення індустрыі шкляной вытворчасці ў накірунку стварэння мастацкага аб’екта.
У рамках V трыенале “Дэкарт-22” на пляцоўцы Палаца мастацтва можна пазнаёміцца не толькі з агульнай экспазіцыяй, але і з персанальнымі міні-праектамі аўтараў, якія прадстаўляюць свае эксперыментальныя творчыя напрацоўкі ў тэкстылі і кераміцы. Асобна паказаны міні-тэкстыль, які сёння карыстаецца вялікай папулянасцю ў свеце, праект “Пласт”, які прадстаўляе творчасць мастакоў-керамістаў у плоскастных паверхнях, работы юбіляраў – старэйшага бабруйскага майстра керамікі Валерыя Калтыгіна і старэйшага мастака па шклу Таццяны Малышавай. V трыенале дэкаратыўнага мастацтва праходзіць як фестываль на розных мінскіх пляцоўках. Ён уключае ў сябе выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі памяці трох тэкстыльшчыкаў, якія пайшлі з жыцця за апошнія тры гады: Алы Непачаловіч, Уладзіміра Лісавенкі і Ларысы Густавай. У Мастацкай галерэе Міхаіла Савіцкага адбудзецца выстава 12 мастакоў-керамістаў, аб’яднаная тэмай трансфармацыі традыцыйных формаў гэтага мастацтва. А ў арт-гасцёўні “Высокае месца” будуць прадстаўлены праект скульптараў, якія ў шамоце ўвасабляюць скульптурную пластыку. У рамках фестываля адбудзецца і некалькі персанальных праектаў: тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай, дэкаратыўнай пластыкі Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча ў Гарадской мастацкай галерэе Л.Д.Шчамялёва, а таксама тэкстыльнай мазаікі Любові Кірылавай і Веры Блінцовай у галерэі “Мастацтва” Беларускага саюза мастакоў.
V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарат-22
10.11. – V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарат-22”. Рэспубліканская мастацкая галерэя “Палац мастацтва”. Адкрыццё ў 18.00
11.11. – Выстава “Лічбы” Маргарыты Шчамялёвай. Гарадская галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва. Адкрыццё ў 18.00
15.11. – Выстава памяці Ларысы Густавай, Уладзіміра Лісавенкі, Алы Непачаловіч. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Адкрыццё ў 17.00
16.11. – Выстава скульптурнай керамікі “Terracota”. Арт-гасцёўня “Высокае месца”. Адкрыццё ў 18.00
23.11. – Выстава керамікі “Па-за часам часу”. Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Адкрыццё ў 18.00
24.11. – Выстава “Несучаснае мастацтва” Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча. Гарадская галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва. Адкрыццё ў 18.00
29.11. – Выстава “Калядная казка” Веры Блінцовай і Любові Кірылавай. Галерэя “Мастацтва” Беларускага сюза мастакоў. Адкрыццё ў 18.00
Выстава працягнецца да 11 снежня 2022 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з
11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375
(17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).