Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да малых формаў, якія ўзаемадзейнічаюць з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз пагружэнне ў дэталі, фактуру і матэрыял.

Творы камерных памераў дазваляюць мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхнікі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляе знайсці нечаканыя творчыя інтэрпрэтацыі тэм. Спектр мастацкіх рашэнняў у міні-тэкстылі надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэнні тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.

Тэма дадзенага праекта – “УНУТРЫ І ЗВОНКУ”. Мастакі паспрабавалі адлюстраваць, раскрыць тэму ”ўнутранага” і “вонкавага” праз выкарыстанне розных тэкстыльных матэрыялаў і тэхнік. Інтэрпрэтацыі могуць быць вельмі розныя. Раскрыць тэму можна як праз філасофію, закранаючы розныя аспекты светабудовы, бо свет, які нас атачае – гэта адлюстраванне нашых уласных уяўленняў аб ім. А можна – праз сузіранне прыгажосці прыроды, такой багатай на фактуры і дэталі.

У мастацтве сучаснага тэкстылю кірунак тэкстыльнай мініяцюры развіваецца вельмі актыўна. Міні-тэкстыль – гэта асаблівы від эксперыменту, які з’явіўся ў 1970-х гадах. Сёння міні-тэкстыль вылучыўся ў асобны тэкстыльны рух і стаў неад’емнай часткай усяго спектра напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Біенале міні-габелена праходзяць у краінах СНД, Усходняй і Заходняй Еўропе, у Амерыцы. І беларускія мастакі актыўна ўдзельнічаюць у гэтым міжнародным мастацкім дыялогу.

На выставе прадстаўлены творы прафесійных беларускіх мастакоў, сяброў сецыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў і абласных арганізацый, студэнтаў творчых ВНУ Беларусі. Да ўдзелу ў праекце ўпершыню былі запрошаны таксама прадстаўнікі іншых творчых секцый: мастакі па кераміцы, шкле, скульптары. Гэта дазволіла разнастаіць пластыку выстаўленых работ: у экспазіцыі з’яўляюцца тэстыльныя скульптуры, асамбляжы, міні-інсталяцыі, міксэд-медыя, канцэптуальныя праекты, створаныя з нетрадыцыйных матэрыялаў і з дапамогай інавацыйных тэхналогій.

Выстава міні-тэкстылю “УНУТРЫ І ЗВОНКУ” на працягу 2022 года была з поспехам прадстаўлена ў Полацкай мастацкай галерэі і ў Музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве.

Куратары ВОЛЬГА РЭДНІКІНА, НАТАЛЛЯ ШАРАНГОВІЧ.

Выстава працягнецца да 11 снежня 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).