Выстава мастацкага шкла па выніках сімпозіума на шклозаводзе “Нёман”.


2022 год – Міжнародны год шкла.

З 14 па 18 сакавіка 2022 года на шклозаводзе “Нёман” прайшоў сімпозіум мастацкага шкла, арганізатарам якога выступіў Беларускі саюз мастакоў.

На завод “Нёман” прыехалі 5 мастакоў з Мінска, сябры Беларускага саюза мастакоў секцыі “дэкаратыўнае мастацтва”: Вольга Сазыкіна, Жанна Марозава, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава, Ірына Кузняцова – куратар сімпозіума.

Да іх далучыліся: старэйшы мастак шклозавода “Нёман” Галіна Сідарэвіч і Яна Давыдава – малады спецыяліст, размеркаваны пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на завод год таму.

У кожнага з удзельнікаў сімпозіума былі свае праекты. Кожны меў магчымасць ад 3 да 5 гадзін працаваць з брыгадай майстроў-выдувальшчыкаў высокага класа. Брыгадзір – майстар-мастак Валерый Багінскі, майстры шкловыдувальшчыкі Мікалай Шыманскі, Сяргей Бранкоўскі.

За гэты вельмі кароткі час неабходна было прыдумаць новы праект. Гарантыяй цікавай працы павінны былі стаць назапашаны досвед, веданне тэхналогіі, давераная праца з майстрамі і дасканала прадуманыя кампазіцыі. Ёсць і трэці сааўтар – гэта само шкло. Яно кожны дзень рознае: то мякчэй, то цвярдзей. І як бы не рыхтаваўся мастак, як бы не стараўся майстар – у кожнай працы ёсць элемент нечаканасці. Гэта той вядзьмарскі эфект, які стварае ў канчатковым выніку выраб са шкла. Калі гэтага эфекту няма – атрымліваецца проста рамяство. Калі ёсць – мастацкі твор.

Выдуць шкло – гэта толькі палова працы. За гэтым ідзе трохгадзінны абпал вырабаў. Каб шкло не развалілася на часткі, трэба яму адпачыць ад агню, астыць. Затым яго пераносяць у іншы цэх (а гэта празрыстае, здаецца бязважкае шкло, вельмі цяжкае). Затым халодная апрацоўка – ва ўсіх розная: абразанне, завострыванне, паліроўка, гравіроўка, пескаструй. І гэта яшчэ не апошняя стадыя: з некалькіх частак або прадметаў са шкла трэба скласці кампазіцыю.

Усе ўдзельнікі сімпозіума – выпускнікі розных гадоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (раней Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут).

І хоць усе яны вучыліся на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аспекты іх творчасці розныя: серыйнае і дэкаратыўнае шкло, адліваныя вітражы, графіка, кераміка, жывапіс, выкладанне, канцэптуальнае мастацтва, арт-аб’екты, інсталяцыі. Яны актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных выставаў. Іх працы прадстаўлены ў шматлікіх галерэях і музеях Беларусі, за мяжой, у тым ліку Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

У межах праекта “АРТ-ШКЛО” цэнтральнае месца займае юбілейная выстава да 75-годдзя ТАЦЦЯНЫ МАЛЫШАВАЙ – сёння старэйшага беларускага мастака па шкле. У свой час, працуючы на шклозаводзе “Нёман”, яна рабіла вазу для Л.Брэжнева, мае шмат міжнародных узнагарод за распрацоўку шкляных вырабаў. Удзельнічала ў працы над вітражамі і люстрамі ў санаторыі “Беларусь” у Сочы. Цяпер жыве ў Мінску, працуе творча ў шкле і графіцы. Удзельнічала ў афармленні інтэр’ераў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення БПЦ. Працавала ў аўтарскім калектыве над помнікам воінам-афганцам на “Востраве слёз”. У экспазіцыі выставы прадстаўлены яе кампазіцыі з дэкаратыўнага шкла розных гадоў стварэння.

Куратар ІРЫНА КУЗНЯЦОВА

Выстава працягнецца да 11 снежня 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).