Магчыма, наведвальнікі выставы, даведаўшыся, што мастаку ў верасні 2022 года споўнілася 75год ад нараджэння, успрымуць гэту з’яву адмыслова. Так бы мовіць, небарака-мастак-кераміст апошнімі намаганнямі падсумоўвае свой творчы шлях і паказвае ў чарговы раз усё тое, што назапасіў за гады працы у кераміцы. А гэтых год лічыце – пяцьдзясят!

Не, ранавата падводзіць рысачкі, яшчэ шмат у Валерыя Калтыгіна творчых жаданняў, досыць памкненняў у развіцці. Выстава – як доказ, як паказчык. У асноўным экспазіцыю выставы складаюць творы (а ўсяго іх пад 70, можа і болей), зробленыя В.Калтыгіным у 2021 – 2022 гадах. Гэта творы рознага пластычнага, кампазіцыйнага напрамку і вырашэння, з пошукам сваёй аўтарскай адметнасці. Выстава дэманструе, што мастак вольны і ў выбары тэмы, і ў імправізацыйнай гульні ў формах, колерах, і ў тым накірунку, у якім рухаецца творча. Невялікая частка прац на выставе – рэтраспекцыя са створанага за апошнія пятнаццаць гадоў.

“Спевы гліны і агню” – асацыятыўна маецца на ўвазе найперш спецыфіка працэса фізічнага стварэння твора мастацкай керамікі: спеўнае спалучэнне ў творчасці мастака гліны, шамота, палівы, тэхналогіі і абпалаў. Дзе агонь – сааўтар кераміста, часта амаль непрадказальны ў сваіх тэмпературных выбрыках. Зразумела, што ў спеўнай меладычнасці за абпальным агнём апошняе слова ў каляровым гучанні твора пры яго нараджэнні. Мастак павінен гарманічна апрацаваць на практыцы ў сваіх творах магчымасці фізічнага кампаненту ў дадатак да сваіх паэтычных пасылаў, рэалізаваць вобразнае рашэнне. А пра што спяваецца ў творах В.Калтыгіна, якія яго прыхільнасці і ў чым мэтанакіраванасць у вобразных пошуках – гэта ўжо магчыма ўбачыць, адчуць толькі ўважліва ўглядаючыся ў яго кераміку, удумліва паставіўшыся да яго своеасаблівага погляду на рэчаіснасць.

Як мастак, Валерый Калтыгін лічыць, што ў кераміцы трэба ставіцца з любоўю і спагадай да жыцця, людзей і ўсяго, у чым ёсць розум, пачуццёвасць, натхненне і паэтычнасць непасрэднасці ўспрымання прыроднага асяроддзя.

Творы мастака – гэта ў нейкім сэнсе як асабістая аголенасць яго душэўных памкненняў, жаданняў, светаўспрымання….

Мастацтва В.Калтыгіна не крыклівае, не дынамічна-агрэсіўнае, але і не статычнае; яно заўсёды ў пошуку творчай дасканаласці. Кераміка як матэрыал ў творчасці, неабсяжная прастора, недасягальная глыбіня выразнасці, пачуццёвасці і паэтычнасці.

Керамічная творчасць – гэта бясконцая песня, якую можна прыдумляць і спяваць усё жыццё.

Галоўнае не імкненне здзіўляць нечым асаблівым, а задавальняць, раскрываць у песенным палёце сваю мастацкую душу.

З павагай, мастак Валерый Калтыгін

КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 16 верасня 1947 г.

1974 г. – скончыў мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №15 у г. Бабруйску, аддзяленне керамікі.

1979 г. – скончыў аддзяленне мастацкай керамікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў г. З

1976 г. – удзельнік мастацкіх выставак у Беларусі і за мяжой.

1981 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў. З 1990 г. – старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

З 1992 г. – займаецца пытаннямі арганізацыі і правядзення пленэраў па кераміцы ў Беларусі і за мяжой.

2003 – 2017 гг. – арганізатар і кіраўнік штогадовых 15 Міжнародных пленэраў па кераміцы «АРТ-ЖЫЖАЛЬ» у г. Бабруйску.

2017 г. – арганізатар і кіраўнік І-га міжнароднага сімпозіума па кераміцы “Вогненныя пісьмёны” ў г. Гаўрылаў-Ям (Расія).

2009 г. – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. 2015 г. – узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Выстава працягнецца да 11 снежня 2022 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).