19 студзеня 2023 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” адбудзецца адкрыццё выставы ларэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22”. У экспазіцыі можна ўбачыць сучасны тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал.
Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У выставе “V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “ДЭКАРТ-22”, што адбылася ў лістападзе 2022 года, удзельнічалі не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю ГА “БСМ”, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Былі прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
У рамках V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “ДЭКАРТ-22” мастацтвазнаўчым журы, у склад якога ўваходзілі сябры секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі ГА “БСМ”, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея горада Мінска, былі абраны лаўрэаты выставы ў наступных намінацыях: “Традыцыя”, “Наватарства”, “Аўтарскі праект”, “Аб’ект” і “Дэбют”. Сярод лаўрэатаў ужо вядомыя мастакі, мэтры дэкратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі – Валерый Калтыгін, Наталля Яўглеўская, Вольга Сазыкіна, Генадзь Фалей. Найбольш яскрава заявіла аб сабе сярэдняе пакаленне мастакоў – Вольга Рэднікіна, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Жанна Марозава, Хрысціна Высоцкая, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава і іншыя. Гран-пры Трыенале атрымала мастак, майстар кавальскай справы Марыя Тарлецкая.
У рамках выставы лаўрэатаў V трыенале “Дэкарт-22” на пляцоўцы Палаца мастацтва можна пазнаёміцца з праектам “Па-за часам часу”, куратамі якога выступілі Вольга Сямашка і Ганна Амбросава – лаўрэаты ў намінацым “Аўтарскі праект”. Прадстаўлена керамічная скульптура або скульптурная кераміка як памежная сучасная з’ява. Работы ўдзельнікаў выставы можна аднесці да малой пластыкі. У адрозненне ад манументальных скульптурных прац, яны камерныя, бліжэйшыя да гледача: іх можна дэталёва разгледзець зблізку, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі аўтара, адчуць, як арганізоўвае вакол сябе прастору аб’ект і ўсталяваць прамы кантакт з іх стваральнікам.
Выстава ларэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22” дэманструе новыя падыходы да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое паступова выходзіць на іншы ўзровень – узровень аб’ектаў.
Асноўныя пошукі сучасныя мастакі-керамісты вядуць у накірунках паміж манахромнага мінімалізму і бруталізму і экспрэсіўнага эмацыянальнага маляўнічага і фантазійнага стылю. Але пры гэтым керамічныя аб’екты, як і раней, прапануюць гледачу цяпло, чалавечнасць, тактыльнасць і глыбіню эмацыянальнага ўспрыняцця. Кераміка, супраціўляецца аднастайнасці. Кераміка – заўжды індывідуальнае апавяданне.
Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да формаў, якія ўзаемадзейнічаюць з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз пагружэнне ў дэталі, фактуру і матэрыял. Сучасны тэкстыль дазваляе мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхналогіі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляе знайсці нечаканыя творчыя выяўленні і трансфармацыі тэм. Спектр мастацкіх рашэнняў надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэнні тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.
Шкло дэманструе разнастайнасць сучаснага мастацтва і дызайну: тут ёсць як традыцыйныя, так і наватарскія работы. Усе яны паказваюць выдатнае валоданне мастакамі тэхналогіямі, але пры гэтым далікатнасць падачы і аздаблення. Прадстаўлены работы з сімпозіума па мастацкім шкле, які прайшоў сёлета па ініцыятыве Беларускага саюза мастакоў на шклозаводзе “Нёман”. Такая творчая калабарацыя сяброў саюза і супрацоўнікаў завода, прымусіла ўсіх удзельнікаў праекта выйсці з зоны камфорту і дапамагла ўбачыць шляхі абнаўлення індустрыі шкляной вытворчасці ў накірунку стварэння мастацкага аб’екта.
Выстава працягнецца да 12 лютага 2023 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).