23 лютага 2023 года ў 18.00 у Палац мастацтва на адкрыццё рэспубліканскай выставы жывапісу “ЛЕАНІД ШЧАМЯЛЁЎ. ПРЫСВЯЧЭННЕ...”

Выстава жывапісу, у якой удзельнічаюць мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі, прысвечана 100-годдзю народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Шчамялёва (1923-2021). Выстава, якая была ініцыіравана секцыяй жывапісу Беларускага саюза мастакоў, ператварылася ў сапраўды агульна-рэспубліканскі праект, у якім прынялі ўдзел творцы з усіх рэгіёнаў краіны.

Леанід Дзмітрыевіч быў першым сакратаром праўлення Саюза мастакоў БССР (1977 – 1982), старшынёй праўлення Мастацкага фонду БССР (1982 – 1986), сябрам рады Саюза мастакоў СССР (1983 – 1987), рады Беларускага саюза мастакоў (1992– 2002), старшынёй рады Беларускага саюза мастакоў (2002– 2005).

Леанід Шчамялёў стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць вызначальнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго творчасць называюць летапісам эпохі. Ён заўжды шчыра захапляўся краявідамі родный Беларусі, ствараючы ўзнёслыя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў. Мастак з кранальнасцю пісаў паэтычныя партрэты сваёй сям’і, сяброў, калег, аднадумцаў. Букеты кветак, якіх так шмат у Леаніда Дзмітрыевіча, займаюць адметнае месца ў яго творчасці.

Яго талент вызначальны сваёй жыццядзейнай сілай: мастак быў здольны перадаць сваё ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў дзівосна светлымі і яркімі фарбамі. Леанід Дзмітрыевіч пранікнёна любіў жыццё. Якія б тэмы ён не паднімаў, у кожным палатне ёсць эпічнае адчуванне прыгажосці зямлі і чалавека, магутны вобразны пошук, імкненне спазнаць свет, задумацца аб сутнасці гэтага свету.

Леанід Шчамялёў пакінуў нашаму мастацтву запавет: трэба жыць з шырока адкрытымі вачыма, каб бачыць свет такім, які ён ёсць, і адкрываць іх яшчэ шырэй, каб убачыць свет іншым, чым ён ёсць, і яшчэ шырэй, каб убачыць свет лепшым, чым ён ёсць. І гэты запавет гучыць у работах сучасных беларускіх аўтараў – удзельнікаў.

Выстава працягнецца да 26 сакавіка 2023 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).