29 чэрвеня (18-00) 2023 года ў Палацы мастацтва адкрываецца рэспубліканская выстава манументальнага мастацтва “Манумент-23”. У экспазіцыі – аўтары з адметным творчым почыркам і светабачаннем, сярод якіх Уладзімір Крываблоцкі, Каміль Камал, Сямён Дамарад, Уладзімір Кандрусевіч, Антон Шаппо, Татьяна Савік, Андрэй Кольга, Канстанцін Андруковіч, Фёдар Драгун і іншыя.

Работы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, разам ствараюць ураджанне грандыёзнага палатна. Распісанае мноствам сюжэтаў, яно становіцца маштабнай мазаікай сучаснага беларускага манументальнага мастацтва. Шматузроўнева, шматгранна “жывапісны роспіс” распавядае пра жыццё – яго мудрасць, лёгкасць, сэнс і прыгажосць.

Прадстаўнікі секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў не толькі працягваюць лепшыя традыцыі беларускай манументальнай школы, але таксама актыўна дэманструюць сучасныя погляды на мастацтва і ўласную творчую індывідуальнасць.

Удзельнікі выставы даюць магчымасць паглядзець на класічны від мастацтва пад іншым вуглом. Аўтары прадстаўленых у экспазіцыі твораў смела эксперэментуюць з тэмамі і тэхнікамі. Яны па-майстэрску пераасэнсоўваюць класічныя тэхнікі ляўкаса, мазаікі, фрэскі, вітража і г.д., ствараючны новую і сучасную, ні на што не падобную мастацкую мову.

У рамках выставы “Манумент-23” сваю творчую дзейнасць прадстаўляе Мастацкі камбінат Беларускага саюза мастакоў. Мастацкі камбінат аформіў самыя знакавыя будынкі нашай краіны: Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі; удзельнічаў у афармленні будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь і іншых.

У экспазіцыі прадстаўлены розныя накірукі дзейнасці мастацкага камбіната, але ў асноўным – манументальныя работы, выкананыя на знакавых аб’ектах апошніх гадоў – мемарыяльны комплекс “Хатынь” і комплекс “Стары замак” (частка Гродненскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея).

Выстава працягнецца да 16 ліпеня.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).