12 ліпеня 2023 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адкрываецца выстава твораў Аляксандра Кішчанкі, прысвечаная 90-годдзю знакамітага мастака.

Аляксандр Міхайлавіч Кішчанка – мастак шматгранны і ўнікальны. Яго творы – жывапісныя палотны, габелены, манументальныя мазаічныя кампазіцыі – сталі адметнымі вехамі ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва.

Нарадзіўся А. Кішчанка ў в. Белы Калодзеж Багучарскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). Прафесійную адукацыю атрымаў у Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. З 1963 г. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, адначасова займаўся творчасцю.

Прыродны талент і сапраўды касмічнае мысленне Аляксандр Міхайлавіч рэалізаваў у Беларусі, на сваёй другой радзіме, дзе пражыў большую частку жыцця. Мастак стаяў ля вытокаў фарміравання школы манументальнага мастацтва ў Беларусі і з'яўляўся адным з заснавальнікаў школы нацыянальнага сучаснага габелена. Не меней ярка раскрыўся творца ў станковым жывапісе, ён быў майстрам тэматычных карцін, але з захапленнем маляваў і партрэты. Менавіта партрэты розных часоў стварэння луглі ў аснову выставы твораў мастака ў Палацы мастацтва. Цікава, што Аляксандр Кішчанка ніколі нічога не прыдумваў, яго вобразнасць і выразнасць пабудаваныя на рэальных асобах і падзеях. Вялікая колькасць людзей пазіравала майстру. Яму была важная дасканалась. Таму ўсе рухі, мімічныя рысы герояў былі асэнсаваныя і даведзеныя да максімальнага падабенства.

Сын мастака — Максім успамінае, што бацька ў дзяцінстве здаваўся яму касманаўтам, таму што ўвесь час шукаў адказ на пытанне, якая асноўная роля чалавека ў нашым неабдымным свеце. Аляксандр Кішчанка не быў абыякавым чалавекам, увесь час шукаў новыя магчымасці раскрыцця патэнцыялу, спрабаваў адкрыць для сябе новыя грані ўспрымання свету. Толькі па гэтаму сёння  можна быць упэўненым, — адказ на галоўнае пытанне жыцця майстра знойдзены. Талент і плённая праца прынеслі А. Кішчанку вядомасць і прызнанне. У 1991 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Народны мастак Беларусі”, у 1993 г. Аляксандра Міхайлавіча ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны. Творы А. М. Кішчанкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрстве культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Выстава твораў А.М.Кішчанкі працуе да 6 жніўня 2023 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).