16 лістапада 2023 года ў 17.00 Беларускі саюз мастакоў запрашае на ўрачыстае адкрыццё выставы “Старшыня”, прымеркаванай святкаванню 85-гадовага юбілею Беларускага саюза мастакоў.
Мы згадваем і вызначаем з удзячнасцю ўсіх тых творцаў, якія на працягу 85 гадоў у розныя часы ўзначальвалі наша творчае аб’яднанне. У экспазіцыі прадстаўлена ўсяго больш за 130 твораў жывапісу, графікі, скульптуры старшыняў ГА “БСМ” з калекцыі Беларускага саюза мастакоў.
Сярод тых, хто стаяў на чале творчага аб’яднання – такія знакамітыя творцы як Аляксандр Грубэ (1941-1944), Іван Ахрэмчык (1944-1948), Яўген Зайцаў (1948-1950), Андрэй Бембель (1950-1954, 1982-1984), Уладзімір Сухаверхаў (1954-1956), Павел Гаўрыленка (1956-1961), Павел Масленікаў (1961-1962), Віталь Цвірка (1962-1963), Натан Воранаў (1963-1965), Уладзімір Стэльмашонак (1965-1968, 1987-1990), Віктар Грамыка (1968-1973, 1977-1982), Віктар Пратасеня (1973-1977), Уладзімір Гардзеенка (1984-1987), Генадзь Буралкін (1990-1998), Уладзімір Басалыга (1998-2007), Уладзімір Савіч (2007-2013), Рыгор Сітніца (2013-2019). З 2019 года Беларускі саюз мастакоў узначальвае Глеб Отчык.
У экспазіцыі прадстаўлена шмат пейзажаў, нацюрмортаў. Але галоўная тэма выставы – чалавек. У творах старшыняў саюза, якія адносяцца да розных гадоў стварэння, знаходзяць выяўленне ключавыя пытанні яго быцця: месца ў грамадстве і свеце, яго роля ў гісторыі і ў сучаснасці, уяўленні аб прыгожым і жахлівым, стаўленне да трагічнага, гераічнага. Складаны пасляваенны час, аднаўленне краіны, нацыянальны рамантызм 1980-х гадоў, авангардныя пошукі 1990-х – усё гэта спараджала розную выразную форму і розныя падыходы да рашэння вобраза чалавека.
Цікавасць да чалавека ў выяўленчым мастацтве Беларусі непарыўна звязана з неабходнасцю спасціжэння навакольнага свету і самога сябе, з развіццём індывідуальнай і нацыянальнай самасвядомасці. Пры гэтым вобраз чалавека ў тэматычнай карціне або ў партрэце ніколі не быў проста адлюстраваннем канкрэтнай асобы, ён заўсёды напаўняўся вялікім зместам. Кожная эпоха вылучала ў гэтай выяве свае вызначаныя якасці, стварала ўяўленне пра асобу, у якой быў ідэал часу, яго ключавыя ідэі і каштоўнасці.
Многія мастакі-старшыні саюза сваю творчасць прысвяцілі вывучэнню і ўзнаўленню чалавечага вобраза. На сваіх палотнах яны адлюстроўвалі сваё стаўленне да людзей розных прафесій, да людзей, якія займаюцца творчасцю, якія працуюць у медыцыне, педагогіцы. Яны як бы ўглядаюцца ў кожнага свайго героя і перадаюць нам не толькі партрэтнае падабенства, але спрабуюць адкрыць яго ўнутраны свет, эмацыянальны стан. І часта здаецца, што не толькі глядач пільна ўглядаецца ў выяву на палатне, але і твар з карціны як быццам запрашае нас да дыялогу.
У экспазіцыі можна ўбачыць не толькі партрэты працаўнікоў сяла, вытворчасці, пісьменнікаў, кампазітараў, музыкаў, работнікаў культуры, спартсменаў, вучоных, урачоў, а таксама творы, якія адлюстроўваюць сям’ю, сямейныя каштоўнасці, адносіны маладых да старэйшага пакалення, да гісторыі краіны. Адкрыцці новых форм спасціжэння чалавека ў мастацтве залежаць перш за ўсё ад асобы і таленту мастака. У гледача будзе магчымасць самім адчуць, наколькі па-рознаму падыходзілі мастакі розных пакаленняў да рашэння задач падабенства, гармоніі, адлюстравання ўнутранага свету, тэмпераменту, характару сваіх герояў.
Прадстаўленая гледачу выстава з калекцыі Беларускага саюза мастакоў паказвае «гісторыю ў асобах», яна даносіць да гледача вобраз часу, былю эпоху і сучаснасць.
Выстава працуе да 26 лістапада 2023 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).