У Палацы мастацтва 1 лютага 2024 года ў 18.00 адкрываецца выставачны праект керамікі і шкла “Пласт. Квадрат”. Куратары праекта – Вольга Сямашка і Ганна Амбросава. У экспазіцыі прадстаўлены работы сяброў Беларускага саюза мастакоў, студэнтаў, запрошаных куратарамі творцаў.
Выстава керамікі і шкла, як правіла, – гэта мікс розных форм, але ў праекце “ПЛАСТ. КВАРАТ” куратары абмежавалі мастакоў-удзельнікаў “плоскасцю”. Плоскаць можа быць вертыкальнай, гарызантальнай – яна можа стаць галоўным персанажам і цэнтрам кампазіцыі, а можа стаць месцам для гульні фактур і колераў. Тут няма ніякай папярэдняй зададзенасці для мастакоў, аўтары самі вырашаюць, які будзе пласт, якую гісторыю ён распавядзе гледачу.
Пласт – як чысты холст для творцы, які займаецца керамікай і шклом. Сама форма вызначае працу выключна з паверхняй. Фактуры, тэкстуры, роспіс, рэльеф і працарапванне, любыя тэхналогіі, якія магчыма выкарыстаць для стварэння вобраза – вось сродкі для працы з плоскасцю, а пэнзлі ды паліва – для колеру. Тэмпература ды агонь – сааўтары мастака, якія адыгрываюць важную ролю ў складаным тэхналагічным працэссе нараджэння мастацкай керамікі і мастацкага шкла.
Праект дасць магчымасць гледачам убачыць, як мастакі працуюць з формай, гуляюцца з ёй, ускладняюць, абагульняюць, трансфармуюць, ламаюць ці падкрэсліваюць.
Праект “ПЛАСТ” у 2024 годзе адбываецца ў трэці раз. Трэці “ПЛАСТ” адрозніваюцца ад папярэдніх. Па-першае, таму што ён праходзіць у межах рэпубліканскага выставачнага праекта “1,10 КВАДРАТА”, прысвечанага 110-годдзю “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча. І менавіта таму куратары прапанавалі мастакам форму пласта – квадрат. Па-другое, у праекце прымаюць удзел мастакі розных пакаленняў і розных школ. У экспазіцыі можна будзе пабачыць рэтраспектыўныя працы, традыцыю, сучасныя эксперыменты, навацыю.
І ў чарговы раз выказваем словы падзякі за натхненне да стварэння праекта “ПЛАСТ” расійскай мастачцы Таццяне Пунанс, якая з 2014 года ладзіць свой праект керамічных карцін на пласкасці “Поверхности” у Маскве.
Выстава працуе да 25 лютага.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).