У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” 1 лютага 2024 года ў 18.00 адкрываецца выставачны праект керамікі Валерыя Калтыгіна, лаўрэта Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва 2023 года, і Максіма Калтыгіна “Чатыры чвэрці. Жывёльны свет. Частка ІІ”.
Такія пытанні, як – чалавек і навакольнае асяроддзе, чалавек і прырода, іх стасункі – усё больш і больш хвалююць грамадства, займаюць думкі людзей. Напэўна, мала хто з мастакоў у сваёй творчасці не сутыкаўся з неабходнасцю так ці інакш адлюстраваць вобраз, выгляд якой-небудь жывельнай істоты, выказацца праз іх форму аб нечым цікавым, прыгожым, сваеасаблівым.
Валерый і Максім Калтыгіны, бацька і сын, зусім не выключэнне і часцяком звяртаюцца ў сваёй керамічнай дзейнасці да выяў расліннага, жывельнага свету: ў той ці іншай форме разважаюць на гэтую тэму тэарытычна і матэрыяльна-практычна.
Валерый Калтыгін: “Адзначу, што ідэя і праект “Чатыры чвэрці” зыходзіць ад Максіма, які запрасіў мяне далучыцца да яго, падтрымаць, паўдзельнічаць у экспазіцыйнай прасторы сваімі творамі рознага перыяду творчасці. У 2021 годдзе ён пазнаёміў мяне са сваімі творчымі задумкамі – жаданнямі, канцэпцыяй шэрагу цыклаў выстаў. Па яго меркаванню, калі першая наша сумесная выстава у 2021 годдзе была “Расліна ў кераміцы”, значыць наступная, сёлетняя мае тэматычны працяг як “Жывёльны свет у кераміцы”...
У экспазіцыі выставы адкрываецца сусвет фантастычных пераўтварэнняў жывёльнага свету ў вобразных рашэннях і высказваннях мастакоў. Вобразы жывёлаў не толькі стылізуюцца, але і дэфармуецца, набываюць асацыятыўныя, нязвыклыя абрысы, формы, колер, іншае гучанне і змест. Тут узнікае іншае гучанне ў адрозненне ад проста рэалістычнай, хай сабе і гарманічнай, прыгожай прыроднай выявы.Тут зусім іншая мастацкая рэальнасць. Валерый і Максім Калтыгіны прапануюць гледачу розныя падыходы да пластычных і колерных асаблівасцей керамікі.
У творчасці Валерыя Калтыгіна закладзена імправізацыйная праца, як аснова разумовых працэсаў. Яна падобная камбінацыйнай гульні ў шахматы, шматварыянтнай, дзе разлік мяжуе з рызыкай і нечаканым выніковым вынікам. Максім жа наадварот, выразна будуе свае кампазіцыі зыходзячы з вобразаў, якія ўжо склаліся ў думках.
Выстава адбываецца ў межах вялікага рэспубліканскага праекта, прысвечанага 110-годдзю “Чорнага квадрата” К. Малевіча. А што ж яднае з супрэматызмам дэкаратыўную кераміку Калтыгінаў, якая імкнецца да станковай скульптурнай пластыцы? Формаўтваральныя, кампазіцыйна-вобразныя рашэнні ў асацыятыўнай пластычнай творчасці мастакоў свядома здзяйсняюцца праз абстракцыю, канструктывізм, сюррэалізм, трансфармацыю і іншыя сродкі сучаснага мастацтва, у спалучэнні іх элементаў у той ці іншай меры.
І пры гэтым для Валерыя і Максіма Калтыгінаў заўсёды галоўнае – стварыць вобразную сутнасць, характар, асаблівасці адлюстрованага аб’екта, з’явы, прадмета. А гэта, улічваючы спецыфіку матэрыяла, і ёсць інтэрпрэтацыя метадаў, прыёмаў, спосабаў супрэматызму пры выкарыстанні ў вобразных кампазіцыях. Што выразна даводзіць – супрэматызм не догма, а ўсяго толькі кампазіцыйны ключ, прыём мастацкага асэнсавання ўбачанага, адчувальнага, успрынятага.
Выстава працуе да 25 лютага.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).