У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” 1 лютага 2024 года ў 18.00 адкрываецца выставачны праект “ЭСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫ КАНТАКТ”, прысвечаны памяці беларускага мастака-эксперыментатара АЛЕСЯ РОДЗІНА (1947-2022).

Ёсць такія мастакі, што як зоркі: нават сыходзячы ў нябыт, яны застаюцца арыенцірамі на творчым небасхіле, пачынаюць ззяць праз час яшчэ мацней. Такім мастаком быў і Алесь Родзін, якому прысвячаецца выстава-успамін “Эсперыментальны кантакт”. Куратар выставы – Зміцер Юркевіч, сябра і спадзвіжнік па арганізацыі творчых фестываляў.

Алесь Родзін нарадзіўся ў 1947 годзе ў горадзе Баранавічы. Вучыўся ў мастацкай студыі В.Вярсоцкага і мастацкай школе №1. Працягваў вучобу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хайма Ліўшыца.

Нягледзячы на класічнае навучанне жывапісу, увесь творчы шлях мастака быў пераадоленнем рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Мастак знайшоў свой уласны адметны метад, які пазней мастацтвазнаўца Я.Шунейка назваў “нон-стоп-панарама”.

На яго карцінах прысутнічалі фігуры, намаляваныя даволі рэалістычна, але з непрапарцыйна выцягнутымі часткамі целаў, велізарнымі, на ўсё палатно, далонямі і вачыма. Мастак смела ўмешваўся ў асновы матэрыі, раскладаючы яе на часткі, вылучаючы яе механічныя стварэнні і біялагічныя рытмы. Ён ствараў на палатне складаны дынамічны сусвет бясконцай колькасцю дробных ліній і кропак. А глядач павінен быў углядацца ў амаль аб’ёмныя структуры на палатне, каб заўважыць складаныя сінтэтычныя выявы, шматфігурныя кампазіцыі, урбаністычныя пейзажы.

Кожны твор Алеся Родзіна меў цэльную задуму, складаны сюжэт, філасофскую ідэю. Так, у 1990-х гадах мастак напісаў дыптых “Апакаліпсіс”, цыклы “Сіндром Адраджэння” і “Тысячагадовая міфалогія”, пазней стварыў манументальную карціну “Міфалагему тысячагоддзяў”, якую многія называюць самай вялікай па памеры ў Еўропе. У гэтых работах мастак распавядаў пра агрэсію і гармонію грамадства, якія вызначаюць гістарычныя шляхі другой паловы XX стагоддзя.

Пазней пачаліся паездкі за мяжу: Нідэрланды, Францыя, Германія. У 2001 годзе ў Берліне ў Доме мастакоў Tacheles адкрылася выстава сучаснага беларускага мастацтва Dасh, у якой быў прадстаўлены творы Алеся Родзіна. Гэта падзея змяніла лёс мастака. А працягу 13 гадоў у вялізнай выставачнай зале па некалькі месяцаў экспанаваліся манументальныя жывапісныя палотны А.Родзіна, а сам ён штодня праводзіў майстар-класы для наведвальнікаў. А з 2003 года разам са Зміцерам Юркевічам Родзін ладзіў штогадовы фестываль “ДАХ” – некалькі фестываляў адбыліся і ў Мінску у Палацы мастацтва.

Першая персанальная выстава Алеся Родзіна адбылася ў 1971 годзе. З таго часу ў мастак зладзіў больш за 40 персанальных выстаў. І ў кожнай з іх заўсёды экспанаваліся палотны буйнога памеру (часам да 6 метраў у даўжыню і 2 у вышыню). У гэтых работах была заключана таямніца быцця, доўгі жыццёвы шлях самога Алеся Родзіна, а таксама іншыя праявы бязмежнай яго творчасці.

Алесь Родзін (з інтэрв’ю): “У мастацтве я тут і не тут, я ўсюды і нідзе. Я павінен быць ва ўсім. Мастак павінен быць бясскурым. Ён павінен толькі адчуваннем жыць – тады ён праваднік. Праз яго ідуць фатоны, нейтроны, пратоны. Ён прапускае праз сябе гэтае боскае скіраванне, нанізвае, стварае і далучаецца да нечага. Тут, усюды і нідзе…”

Выстава працуе да 10 сакавіка.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).