У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” 1 лютага 2024 года ў 18.00 адкрываецца выставачны праект “1,10 КВАДРАТА”, прысвечаны 110-годзю “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча. Прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце прымаюць удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры, творчая моладзь, усе зацікаўленыя тэмай творцы.
“Чорны квадрат”, які стаў візуальным штуршком новага арт-руху, які выклікаў за час свайго існавання тысячы спрэчак, які “прарваўся” праз стагоддзе, працягвае і сёння пераможна ззяць на небасхіле мастацтва.
“Чорны квадрат” – самы знакаміты твор Казіміра Малевіча. Яго назва стала метафарай радыкальнасці мастацкага мыслення, калі беспрадметнае ўзводзіцца ў найвышэйшую ступень. Квадрат увасобіў з максімальным лаканізмам ідэю “абсалютнага нуля”, пачатку і канца ўсіх формаў, з’яў, светаў. Квадрат у сваім філасофскім значэнні заставаўся не да канца разгаданай загадкай і для свайго стваральніка. Малевіч бачыў у ім таямніцу, падобную космасу, неспасціжны “вобраз Бога”, які немагчыма перапісаць, змяніць ці перасягнуць, але можна, падобна іконе, паўтарыць, ён называў яго сваім галоўным творам, змясціў на вокладку ўласнай кнігі аб супрэматызме ў 1916 годзе, падпісваў ім, як манаграмай, свае лісты і познія фігуратыўныя карціны.
Упершыню “Чорны квадрат” быў паказаны на “Апошняй футурыстычнай выставе карцін “0,10” у Петраградзе ў снежні 1915 года. Аднак Малевіч заўсёды сцвярджаў, што годам яго стварэння з’яўляецца 1913-ты. Тады ён разам з мастаком М.Мацюшыным і паэтам А.Кручоных удзельнічаў у пастаноўцы футурыстычнай оперы “Перамога над сонцам”. Падчас афармлення спектакля і затым пры ілюстраванні выдання лібрэта оперы Малевіч упершыню намаляваў на белым пустым полі чорны квадрат, назваўшы яго “зародкам усіх магчымасцей”. Праз два гады са збожжа гэтай “інтуітыўнай знаходкі” вырас супрэматызм – першы напрамак беспрадметнага мастацтва ў рускім авангардзе. Паколькі для Малевіча, відаць, важней было зафіксаваць нараджэнне ідэі квадрата, а не час яго ўвасаблення на палатне, то ўсе рэплікі квадрата мастак датаваў 1913 годам.
Даволі хутка аўтар заўважыў: “Усе кажуць: “квадрат, квадрат”, а ў квадрата ўжо выраслі ручкі і ножкі, і ён бегае па белым свеце”. Сапраўды, такі радыкальны мастацкі жэст, як стварэнне твора, які прэтэндуе на ролю новай іконы, адразу быў заўважаны сучаснікамі мастака, і выклікаў творчую рэакцыю ў адказ, якая не спынілася і па сённяшні дзень.
“Чорны квадрат” – гэта візуальнае выказванне К.Малевіча, намёк сучаснікам мастакам і інтэлектуальнай публіцы, што рэалізм у мастацтве паняцце не адназначнае і ўтрымлівае ў сабе невычэрпныя магчымасці і асацыятыўныя кампазіцыйна-вобразныя рашэнні. Квадрат – гэта ўсяго толькі знак, сімвал руху ў прастору новых рэальнасцяў у мастацтве.
На выставе Беларускага саюза мастакоў “1,10” прадстаўлены працы сучасных беларускіх аўтараў, якім неабыякава творчасць авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта амаж вялікаму звяргальніку традыцый Казіміру Малевічу. І таксама спроба прадоўжыць яго вопыт, дадаўшы да дзесятай часткі квадрата свою адзінку, і такім чынам пашырыць і нашы межы знаходжання новых сэнсаў у знаёмых рэчах.
Выставачны праект спрабуе прасачыць сённяшнюю “лінію жыцця” “Чорнага квадрата”– на ўзроўні ідэі, формы, знака, матыву, сімвалічнага прадмета. Для прадстаўленых у экспазіцыі мастакоў дыялог з “Чорным квадратам” – пластычная гульня, з мноствам варыянтаў хадоў і камбінацый. Простыя формы, з якіх ў свой час складаліся супрэматычныя кампазіцыі, сталі першаасновай для творчых эксперыментаў нашых сучаснікаў.
Выстава працягвае сінтэтычны падыход авангарду ХХ стагоддзя да творчасці. У экспазіцыі сабраны работы мастакоў розных пакаленняў, розных відаў і жанраў мастацтва. Галоўнае ў выставе – нават не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча.
Выстава працуе да 10 сакавіка.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).