Міхаіл БАРАЗНА

Інтэнцыі

М. Баразна нарадзіўся ў 1962 годзе. Сябра Беларускага саюза мастакоў, кандыдат мастацтвазнаўства, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, правадзейны член Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Кыргызскай Рэспублікі.
Скончыў аддзяленне прамысловай графікі мастацка-прамысловага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1985).
Удзельнік 8-й Балтыйскай трыенале міжнароднага мастацтва ў Вільнюсе, Літва (2002).
Аўтар кніг «Белорусская книжная графика 1960–1990-х годов» (2001), «Белорусская живопись 1920–1970-х годов» (2006), «Мастацтва кнігі Беларусі ХХ стагоддзя» (2007), «Гісторыя выяўленчага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя» (2016, 2017), «Кніжная графіка Беларусі ХХ стагоддзя» (2017), «Выяўленчае мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя» (2017), апублікаваў больш за 300 навуковых і крытычных артыкулаў. 
Удзельнік, куратар мастацкіх выставак у Беларусі і за яе межамі. Куратар выстаўкі «Мастакі сучаснай Беларусі» (Цэнтр П’ера Кардэна, Парыж, Францыя, 2002). Куратар выстаўкі «belart.by. Маладыя мастакі Беларусі» (Масква, Рассія, 2010). Куратар Павільёна Рэспублікі Беларусь на 54-й Міжнароднай біенале мастацтваў у Венецыі (Італія, 2011). 
На выставе ў адзінай экспазіцыі можна ўбачыць фрагменты фотаграфічных эксперыментаў аўтара розных гадоў. Гледачу прапаноўваецца варыянт пэўнай спіралі творчасці майстра ўніверсальнага жанру выяўленчага мастацтва.
М.Баразна свае выстаўкі часта называе мастацтвазнаўчымі фотапраектамі. Большасць праектаў і серый маюць значную працягласць па часе папаўнення, асобныя не завершаныя і на сённяшні дзень. Мастак ілюструе эмацыянальныя характарыстыкі навакольнага асяроддзя і лічыць важнай якасцю ўменне іх заўважаць. М.Баразна лічыць фотакамеру найбольш зручным і даступным, але далёка не ідэальным інструментам для сучаснага аўтара.
Нягледзячы на мноства прадстаўленых фрагментаў серый, агульная экспазіцыйная карціна захоўвае сваю цэласнасць, што пацвярджае рэжысёрскае майстэрства аўтара. Відавочная дыскрэтнасць асобных фрагментаў і сюжэтных ліній падпарадкавана логіцы счапленняў.
У большасці работ пануе засяроджана-сузіральны дух, надзелены роўнай лёгкай імправізацыяй. Разам з тым танальная і каляровая лёгкасць не ўяўляе нейкую нерухомую сярэдзіну. У асобных творах яна можа пераходзіць ужо ў амаль цалкам іррэальную аўру, дзе дамінуе наўмысная незавершанасць. Зыбкія зоны пустэчы надаюць фотографіям падабенства безпрадметнага жывапісу (як у «Жніўні», «Мінск. Вуліца Навуковая»). У асобных работах больш рэзка праступаюць цёмныя тоны, узрастае роля чорнага колеру («Зачыненыя дзверы”, “Рым”). Погляд часам даходзіць да гратэску і іроніі («Тайная вячэра», «Песня працы», «Ружовая прастора). Водныя раўніны, сонечныя прамяні і тэкстуры старых муроў («Поле», «Цішыня», «Паверхня», «Нябачны мур», «Прамень», «Тахелес») ствараюць для гледача пляцоўку інтэлектуальных разваг.
Аўтару па характары ўласцівая сістэматызацыя, і ён спрабуе рацыяналізаваць іррацыянальнае, змяшчае эмацыянальныя рухі ў акрэсленыя рамкі. Рытмічная канструкцыя экспазіцыі, строгасць большасці кадраў-квадратаў, разнастайныя каляровыя і пластычныя адпаведнасці уводзяць вір выяўленчых інтэнцый у поле аўтарскага паэтычнага выказвання.