30 ліпеня 2024 года ў Рэспублікагскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) у 17.00 адбудзецца адкрыццё выставы “Род Гомельскі” Гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

Усё наша сучаснае жыццё практычна на кожным кроку да мяжы напоўнена разнастайнымі медыя. Сацсеткі, тэлебачанне, рэклама на вуліцы – мы ўвесь час падвяргаемся шквалу візуальных вобразаў, з якімі нам даводзіцца ўзаемадзейнічаць, хочам мы гэтага ці не. Мы ўбіраем ідэі і творчыя тэндэнцыі, якія з’яўляюцца ў розных кутках свету і імкліва распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Як сярод усёй гэтай разнастайнасці прымусіць сябе сфакусавацца на тым, што сапраўды блізка? Як выбіраць вартае ўвагі і захаваць аўтэнтычнасць свайго ўласнага творчага бачання? Вельмі тонкая, практычна эфемерная, але такая важная матэрыя – культурны код…

Праект “Род Гомельскі” – гэта разважанне аб жыцці з пункту гледжання агульнасці людзей, якія думаюць па-рознаму, але маюць у душы нешта агульнае. Што гэта? Генетычная памяць? Школа? Светапогляд, выхаваны лакальным соцыумам? Што для нас важна – цытаванне створанага раней, інтэрпрэтацыя гэтага ці наадварот – поўнае адмаўленне і пошук зусім новага? Вопыт уласных памылак ці сляпая ўпэўненасць у сваёй творчай правасці? Мы не можам даць вам аднаскладовы адказ, але можам прапанаваць адчуць гэта, наведаўшы праект “Род Гомельскі”.

“Род Гомельскі” – гэта больш за 50 мастакоў Гомельскага рэгіёну, якія працуюць у розных тэхніках і напрамках: ад рэалізму да абстрактнага жывапісу, ад наіўнага мастацтва да сур’ёзных даследаванняў надзённых праблем, ад этнічных матываў да падарожжа па касмічных светах... І ўсё гэта звязана тонкай, але такой моцнай ніткай Гомельскага роду...

Мастацвазнаўца Алег Курашоў.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva