14 студзеня 2025 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” (вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “РАЗАМ. ДА 30-ГОДДЗЯ ІНСТЫТУТА ПРЭЗІДЭНЦТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ”, падрыхтаванай грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў”.
Экспазіцыя выставы пачне працаваць з 9 студзеня 2025 года. Уваход на выставу будзе бясплатным для ўсіх наведвальнікаў Рэспубліканскай мастацкай галерэі.
У рамках выставы прадстаўлены творчыя дасягненні ўнітарных прадпрыемстваў ГА “БСМ” – “Мастацкага камбіната” і “Скульптурнага камбіната”, а таксама работы мастакоў, якія з 1994 да 2024 года атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь. Работы для экспазіцыі прадстаўлены мастакамі-удзельнікамі выставы, фондамі ГА "БСМ", Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Музеем гісторыі горада Мінска.
Куратар праекта – старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, каардынатар – першы намеснік старшыні Наталля Шаранговіч.
На працягу ўсёй сваёй гісторыі, і асабліва за 30 апошніх гадоў, грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз мастакоў” у сваёй дзейнасці было цалкам звязана з вырашэннем дзяржаўных задач у галіне развіцця, захавання і прапаганды беларускага мастацтва, умацавання маральных каштоўнасцей і ідэалагічных асноў нашага грамадства.
Творчаму калектыву ГА “БСМ” належыць мноства манументальных твораў, створаных для інтэр’ераў і экстэр’ераў значных грамадскіх будынкаў і аб’ектаў з 1994 па 2024 гады. Прыкладам можа служыць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Палац Рэспублікі, Ратуша, Палац Незалежнасці ў Мінску, Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Мірскі замак, замак у Нясвіжы, музей “Белавежская пушча”, будынак Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, мемарыял у Трасцянцы, станцыі метро ў г.Мінску. Гэтыя і іншыя аб’екты створаны сіламі членаў саюза і калектывамі ўнітарных прадпрыемстваў саюза – Скульптурнага камбіната і Мастацкага камбіната.
З’яўляючыся грамадскай арганізацыяй, ГА “БСМ” працуе на выкананне шматлікіх дзяржаўных праграм у галіне эстэтычнай і маральна-ідэалагічнай асветы і выхавання грамадзян нашай краіны. Прадстаўляючы Беларусь на шматлікіх міжнародных мастацкіх форумах, мастакі ўносяць немалы ўклад у фарміраванне дастойнага іміджу нашай дзяржавы.
Апроч шматлікіх выставак, Беларускі саюз мастакоў на бязвыплатнай аснове перадаў на часовае захоўванне больш за тры тысячы твораў з фондаў ГА “БСМ” для афармлення шматлікіх дзяржаўных устаноў і ведамстваў.
У сваёй дзейнасці ГА “Беларускі саюз мастакоў” заўсёды адчуваў дапамогу і падтрымку з боку нашай дзяржавы. За выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Рэспублікі Беларусь члены ГА “БСМ” рэгулярна вылучаюцца на атрыманне розных узнагарод і прэмій. У 2006 годзе народны мастак Беларусі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі атрымаў высокую ўзнагароду – стаў Героем Беларусі. З 1994 па 2024 год 8 чалавек атрымалі званне народных мастакоў Беларусі, 36 членаў саюза сталі заслужанымі дзеячамі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, 24 чалавекі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі выставы можна пазнаёміцца з жывапіснымі, графічнымі, скульптурнымі работамі членаў ГА”БСМ”, якія атрымлівалі з 1994 па 2024 званні “Народны мастак Беларусі”, “Заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь”, “Лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь” і іншыя высокія дзяржаўныя ўзнагароды. А таксама ўбачыць у фотаўдымках і макетах манументальныя помнікі і маштабныя грамадскія аб’екты, зробленыя сіламі ўнітарных прадпрыемстваў ГА “БСМ” – “Мастацкага камбіната” і “Скульптурнага камбіната”.
Выстава будзе працаваць да 2 лютага 2025 года ўключна.