7 мая 2025 года ў 18.00 у залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова,3) урачыста адкрыецца беларуска-расійскі мастацкі праект “КОЛЕРЫ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”, падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў сумесна з Саюзам мастакоў Расіі да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 200 аўтараў – у пераважнай большасці тых, хто вайну не перажываў і ведае яе толькі па расповядах родных, кнігах і фільмах. Але ад гэтага пранізлівасць ноты гучання не стала менш напружанай. Голас новага пакалення прыўнёс у тэмы Вялікай Айчыннай увагу да лёсу кожнага асобнага чалавека – удзельніка ці сведку тых трагічных і гераічных падзей.

У агульнай канцэпцыі выставы “Колеры Вялікай Перамогі” закладзена некалькі асобных праектаў. Частку экспазіцыі складаюць творы з фондаў Беларускага саюза мастакоў – класіка беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Сярод аўтараў – вядомыя мастакі, многія з якіх прайшлі дарогамі вайны. Прадстаўлены работы П.Масленікава, І.Стасевіча, Б.Аракчэева, А.Глебава, М.Данцыга, Ф.Бараноўскага, А.Кішчанкі, У.Гардзеенкі і іншых. Некаторыя з работ ажыўлены з дапамогай лічбавых тэхналогій і дазваляюць убачыць аніміраваны кантэкст твора на смартфоне праз QR-коды. “Жывыя карціны” можна назваць своеасаблівым дыялогам з палатном: наведвальнік перастае быць толькі сузіральнікам, а становіцца паўнапраўным удзельнікам дзеяння, што адбываецца на карціне.

Аднак асноўная ўвага аддадзена работам сучасных аўтараў – прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўнае мастацтва, дызайн, арт-аб’екты. У выставе прынялі ўдзел мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Іх творы раскрываюць шматпланавыя магчымасці візуальных мастацтваў у рабоце з гістарычным матэрыялам і падзеямі сучаснасці ў гістарычным і культурным кантэксце.

Для новага пакалення падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўспрымаюцца як частка іх персанальных гісторый. У экспазіцыі ёсць пранізлівыя вобразы родных, што зведалі ваеннае ліхалецце. Прадметы на прадстаўленых нацюрмортах шмат гавораць пра гаспадароў – узнагароды, фотаздымкі, кнігі. А краявіды – сонечныя, лірычныя, вельмі эмацыянальныя, сцвярджаюць бяссконцую любоў да радзімы і да мірнага жыцця.

Жывапіс і графіка мастакоў з Масквы і Варонежа, сябраў Саюза мастакоў Расіі, – асобны праект выставы, прысвечаны 80-гадоваму юбілею Перамогі і асэнсаванню традыцый мастацкай памяці аб гэтай падзеі.

Выстава ўяўляе сабой адзіную прастору вобразаў, створаных некалькімі пакаленнямі аўтараў у розных матэрыялах і тэхніках. На прыкладзе твораў жывапісцаў і графікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, паказана і выбітная роля выяўленчага мастацтва ў агульнай справе захавання гістарычнай памяці.

9 мая ўваход вольны.

Выстава працуе да 1 чэрвеня 2025 года ўключна.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выходны.

Кошт квіткоў - поўны - 12 руб., льготны - 8 руб.

Тэлефон для даведак: +375 (17) 395-15-49