5 чэрвеня 2025 (чацвер) у 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі ГА Беларускі саюз мастакоў (Мінск, Палац мастацтваў, вул.Казлова ,д. 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы жывапісу і графікі «Верасень-35» секцыі ГА БСМ «Верасень».

Секцыя Беларускага саюза мастакоў « Верасень» афіцыйна існуе ў структуры БСМ з 1989 г.,i была створана ў форме адной з творчых суполак, якія з'яўляліся ў перыяд 1980-90 гг., калі мяняліся і актыўна абмяркоўваліся формы, канцэпцыі і далейшыя шляхі развіцця нацыянальнага мастацтва. Пачатак нашай суполкi быў пакладзены групавой выставай 1987 г. ужо вядомых на той момант мастакоў-графікаў Сяргея Волкава, Яўгена Жыліна, Леаніда Марчанка, Уладзіміра Пащасцева і Мікалая Рыжыкава. Менавіта яны, разам з Георгіем і Наталляй Паплаўскімі, Мікалаем Казловым, Віктарам Кліменка, Барысам Цітовічам, Міхаілам Міронавым, Уладзімірам Шнарэвічам і інш., утварылі ядро аб'яднання, якое ў 2024 г. адзначыла сваё трыццаціпяцігоддзе. У "Верасне" сабралася цэлая плеяда таленавітых мастакоў, якія ярка заявілі пра сябе ў станковай, часопіснай і кніжнай графіцы,іх працы неаднаразова адзначаліся рэспубліканскімі і міжнароднымі ўзнагародамі. На аформленых імі выданнях для дзяцей і юнацтва ўжо вырасла не адно пакаленне. Дзейнасць некаторых з іх у якасці не толькі ілюстратараў, але і мастацкіх рэдактараў вядучых беларускіх выдавецтваў, шмат у чым паўплывала на фарміраванне нацыянальнай кніжнай графікі, яе самабытнасці і высокага прафесійнага ўзроўню. Як творчае аб'яднанне, «Верасень» заўсёды знаходзіўся некалькі ў баку ад актуальных мастацкіх трэндаў і быў арыентаваны перш за ўсё на ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва. Усе "верасневцы" ў большай ці меншай ступені імкнуцца да філасофскіх і лірычных сюжэтаў, літаратурных і культурных асацыяцый ,развіваючы на сучасным этапе ідэю дыялогу мастацкіх моў. Агульнымі для іх застаюцца і прынцыпы творчасці - спалучэнне сучасных выяўленчых формаў з традыцыямі класічнай эстэтыкі, сувязь з нацыянальным фальклорам. Хаця першапачаткова "Верасень" быў у асноўным супольнасцю графікаў,яны паспяхова рэалізавалі сябе і ў іншых відах творчасці - жывапісу, сцэнаграфіі, прыкладным мастацтве, у педагагічнай дзейнасці.

З часам секцыя папаўнялася жывапісцамі, мастацтвазнаўцамі, дызайнерамі і на цяперашнім этапе аб'ядноўвае мастакоў некалькіх пакаленняў, якія ствараюць творы ў разнастайных тэхніках, напрамках і стылях– ад рэалізму і экспрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі, ад станковага жывапісу алеем і акрылам - да акварэлі, малюнка і друкаванай графікі. Традыцыйна для нашай секцыі, у экспазіцыю гэтага года ўвайшлі як творы апошніх гадоў, так і больш ранняга часу, у тым ліку мастакоў - заснавальнікаў супольнасці. Гэта малавядомыя акварэлі народнага мастака Беларусі акадэміка Георгія Паплаўскага,графіка Наталлі і Кацярыны Паплаўскіх, Леаніда Марчанкі,жывапіс Уладзіміра Шнарэвіча,Віктара Кліменкі,Веранікі Віткоўскай, Сяргея Шэмета, Влады Белавусавай-Кірэенкі,Ларысы Зарубінай, станковыя лісты Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай,Наталлі Наўроцкай, ілюстрацыі Наталлі Суставай і Алены Саковіч, акварэлі Заслужанага настаўніка РБ Яўгена Саковіча. Таксама выстава ўключае персанальныя міні –экспазіцыі чатырох вельмі розных па стылістыцы і тэхніцы юбіляраў-Таццяны Царовай (акварэль, станковы жывапіс, калаж), Наталлі Марчанка (акварэль),Алы Каласенцавай (станковы жывапіс) і Марыны Эрэнбург (станковы жывапіс і графіка ў змешаных тэхніках). З моманту стварэння і па гэты дзень, «Верасень» застаецца сяброўскай супольнасцю творчых індывідуальнасцяў,якія працягваюць з годнасцю развіваць прынцыпы эстэтычнай каштоўнасці мастацтва. З іх пошукаў і знаходак складваецца полістылістыка экспазіцыі са ўсёй разнастайнасцю формаў,эмоцый,тэматыкі, традыцыйных тэхнік і эксперыментаў мастакоў секцыі, у якой кожны глядач можа знайсці для сябе нешта блізкае.  

Марына Эрэнбург, арт-крытык, мастак, старшыня секцыі «Верасень» 2025