29 сакавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац
мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу, скульптуры і керамікі “Візуалізацыя.
Творчы шлях” вядомай беларускай мастачкі Ліліі Нішчык, прымеркаванай да юбілею
аўтара і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай
галерэяй.
Традыцыі – гэта заўсёды
пышнасць і бляск сучаснасці, якія ўвабралі ў сябе мудрасць і прыгажосць
стагоддзяў і скіраваныя ў будучыню.
А.
Юркоў.
Выставачны
арт-праект Ліліі Нішчык аб’яднаў у сабе творы мастацтва, якія былі зроблены на
працягу 35 гадоў творчасці. У праект увайшло больш за 40 жывапісных работ
(нацюрморты, партрэты, пейзажы), каля 40 скульптур і керамічных арт-аб'ектаў і
больш за 25 аб’ектаў дробнай пластыкі (кубкі, імбрыкі, талеркі).
Аўтарскія
творы даволі складаныя па форме і зместу. Мастак імкнецца насыціць іх глыбокім
сэнсам, які скіроўвае на разважанні ды выклікае цікаўнасць да пытанняў
чалавечага быцця.
У прапанаваным
арт-праекце экспазіцыя падзеленая на асобныя структурныя часткі: міфалагемы
архаікі Беларусі, міфы і сімвалы, рэальнае і міфічнае ў скульптуры, сузіранне,
таемнае і відавочнае.
Усведамленне
глыбіннага сэнсу гістарычнай спадчыны прывяло аўтара да стварэння гэтых праектаў,
у якіх успрыняцце навакольнага свету, адчуванні, перажыванні, уражанні і
фантазіі фармуюцца ў міфалагемы і ўвасабляюцца ў арт-аб’ектах. Метафізічная
трансфармацыя сімвалаў пераходзіць у візуалізацыю вобразаў і фармуецца праз
індывідуальнае ўсведамленне прасторы і часу. У створаных вобразах мінулае
сплятаецца з сучаснасцю, імгненнае з вечным, ілюзорнае з рэальным.
Тэма
ўзаемадзеяння чалавека і прыроды, унутраныя супярэчнасці, наканаванасць учынкаў
і паводзін чалавека як індывіда і як часткі соцыума адлюстравана ў праекце “індывідуалізацыя”.
Сузіраючы
прыроду і навакольны свет, аўтар стварае сваю індывідуальную мастацкую
прастору.
Лілія Нішчык,
выпускніца Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускай
дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, удзельнічае ў выставах з 1988 года. Мастацкія
творы члена Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў Ліліі
Нішчык захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага цэнтра сучасных
выяўленчых мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага мастацкага музея
Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь,
Дзяржаўнага мастацкага музея г. Бабруйска, Лідскага і Гродзенскага дзяржаўных
гісторыка-археалагічных музеяў, Музея гісторыі
горада Мінска, галерэі ім. М. Савіцкага, Нацыянальнага музея Кітая, Дзяржаўнага
музея сучаснага мастацтва Францыі, пасольствах Рэспублікі Беларусь у Францыі,
Германіі і іншых краін, а таксама ў прыватных калекцыях Рэспублікі Беларусь і
за мяжой.