31 кастрычніка (пятніца) 2025 года ў 17:00 у Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага мастака-манументаліста Юрыя Каралевіча “МЕТАМАРФОЗЫ”, прымеркаванай да яго 70-годдзя.
Юрый Мікалаевіч Каралевіч — беларускі мастак и выкладчык, прызнаны майстар манументальнага мастацтва Беларусі, чые працы ўпрыгожваюць культурныя прасторы краіны, нарадзіўся ў 1955 годзе ў Мінску. Ён з’яўляецца дацэнтам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ) і сябрам Беларускага саюза мастакоў (з 1993 года). Асноўны матэрыял яго творчасці — манументальна-дэкаратыўнае мастацтва і станковы жывапіс, якія нясуць у сабе характар спалучэння класічных манументальных традыцый з асабістым мастацкім поглядам.
Выстава "МЕТАМАРФОЗЫ" — унікальная магчымасць пазнаёміцца з аўтарскім поглядам на вечныя тэмы быцця праз прызму сімвалізму і філасофіі. У прадстаўленых на ёй творах Юрый Каралевіч звяртаецца да першапачатковых псіхічных структур калектыўнага падсвядомага — архетыпаў, увасабляючы іх у сімвалах космасу, прыроды і чалавечага жыцця. У цэнтры яго прац — чалавек у вобразах мужчыны і жанчыны, узаемадзеянне якіх раскрываецца праз мову сімвалаў, а не літаральных сюжэтаў. Асаблівае месца на выставе займае цела чалавека, раскрытае як складаны мастацкі сімвал, алегорыя ўнутраных станаў і мера ўсяго існага. У творчасці мастака прырода становіцца жывой, яна набывае эмоцыі і рухі: хмары плачуць, грозы размаўляюць, дрэвы махаюць крыллямі, а вецер абураецца і дзме — усё трансфармуецца, ператвараецца, аб’ядноўваючы жывёльныя, раслінныя і чалавечыя пачаткі.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за 40 жывапісных прац, створаных майстрам за апошнія некалькі год.
Выстава працуе па 9 лістапада 2025 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Кошт квіткоў - поўны - 8 руб, льготны - 4 руб.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).