29 сакавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу “Лабірынт 3” і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

 

Гэта трэцяя па ліку выстава са шматгадовага праекта прэзентацыі жывапісных твораў яркіх прадстаўнікоў беларускага жывапіснага мастацтва. Папярэднія выставы “Лабірынт” і Лабірынт 2” з вялікім поспехам прайшлі на плошчах Палаца мастацтваў у 2014 і 2015 гадах.

 

Арганізатарам праекта выступае секцыя жывапісу – самая вялікая па колькасці сябраў секцыя у складзе Беларускага Саюза мастакоў.

 

Мэта дадзенага праекта – рэгулярнае знаёмства беларускага гледача са стылёвым і жанравым багаццем сучаснага жывапісу, імкненне на яго лепшых прыкладах даць магчымасць праналізаваць разнастайнасць шляхоў стварэння мастацкага вобраза, якімі ідуць беларускія мастакі XXI стагоддзя. Каштоўнасць гэтага праекта ў шырыні ахопу сучаснага жывапісу Беларусі, як з’явы – ва ўсёй яе шматслойнасці сэнсаў, формаў і мэтаў. На выставе “Лабірынт 3” глядач зноў атрымае магчымасць азнаёміцца як з традыцыйнымі, так і з новымі творчымі ідэямі, якія натхняюць мастакоў; убачыць калейдоскапічную разнастайнасць маляўнічых рашэнняў, якая з’яўляецца адметнай рысай мастацтва нашага часу.

 

Сам тэрмін «лабірынт» выступае метафарай разумення працэсу мыслення мастака, як творцы. У стане творчага пошуку ён змушаны блукаць па ўласных лабірынтах пачуццяў, думак і ідэй. Знаходжанне ў лабірынце заўсёды мае на ўвазе рух, пераадоленне, пошук пэўнага вектару ў імкненні знайсці выхад. Выхад з лабірынта ў кожнага творца заўсёды свой. Ён не супадае з тым, як яго бычыць нехта іншы.

 

Менавіта таму на выставе можна будзе ўбачыць творы абсалютна розных жанраў і стыляў: ад традыцыйна рэалістычных пейзажаў і партрэтаў да прац у якіх ажыццяўляюцца смелыя эксперыменты з формамі і вобразамі. Дыяпазон прадстаўленых рашэнняў – магчымасць мастакоў выявіць сваё стаўленне да мінулага, рэчаіснасці і будучыні. Глядач таксама будзе мець магчымасць выявіць ўласныя перавагі і праз блізкія яму самому эстэтычныя і канцэптуальныя ідэі знайсці свой сімвалічны «выхад» з лабірынта творчых пошукаў мастакоў-жывапісцаў.

 

Адметнай асаблівасцю выставы гэтага года стане экспанаванне работ старэйшага пакалення мастакоў, якія зрабілі важкі ўклад у выяўленчае мастацтва і культуру Беларусі: М. Данцыга, Л. Шчамялёва, А. Бараноўскага, В. Сумарава і многіх іншых. Некаторых з гэтых мастакоў ужо няма з намі.

 

Выстава працягнецца па 09 красавіка 2019 г.