9 ліпеня 2026 года а 17.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выстаўкі беларускага мастака-графіка Віктара Васільевіча Мікіты “Аб сваім”.
Праект прымеркаваны да юбілею майстра і аб’ядноўвае больш за 130 твораў, створаных на працягу многіх гадоў творчай дзейнасці. Гэта не толькі рэтраспектыўны паказ, але і своеасаблівая мастацкая споведзь аўтара, разважанне пра жыццё, час, чалавека і Радзіму.
Назва выстаўкі – “Аб сваім” – вельмі дакладна акрэслівае яе канцэпцыю. У кожнай працы мастак вядзе шчыры дыялог з гледачом, звяртаючыся да асабіста перажытага, да памяці, сямейных і духоўных каштоўнасцей, нацыянальнай культурнай традыцыі. Яго творчасць – гэта свет унутраных станаў і вобразаў, дзе рэальнасць арганічна спалучаецца з асацыятыўнасцю, сімволікай і філасофскім асэнсаваннем чалавечага лёсу.
Віктар Мікіта належыць да пакалення мастакоў, якія істотна ўзбагацілі сучасную беларускую графіку. Яго аўтарскі почырк вызначаецца высокай культурай малюнка, бездакорным прафесійным майстэрствам, тонкім пачуццём формы і кампазіцыі, увагай да дэталі і глыбокай эмацыянальнай выразнасцю. Незалежна ад тэхнікі выканання, у цэнтры яго мастацкага пошуку заўсёды застаецца чалавек – яго духоўны свет, памяць, гісторыя і сувязь з роднай зямлёй.
Экспазіцыя прадстаўляе найбольш значныя творы розных перыядаў, якія дазваляюць убачыць эвалюцыю аўтарскага мыслення, шырыню жанравых і пластычных пошукаў, а таксама цэласнасць мастацкага светаўспрымання майстра.
Юбілейная выстаўка “Аб сваім” – гэта магчымасць убачыць творчасць Віктара Мікіты як адметную з'яву беларускага выяўленчага мастацтва, пазнаёміцца з мастацкай спадчынай аўтара і адчуць сілу яго шчырага, інтэлектуальнага і глыбока нацыянальнага мастацкага выказвання.
Выстаўка працуе з 9 ліпеня па 2 жніўня 2026 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак – нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Кошт: поўны - 10BYN, льготны - 5BYN.