25 красавіка 2019 года а 16 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы керамікі “Арт-Жыжаль 15 год існавання”, прымеркаванай да юбілею яго арганізатара і нязменнага куратара, мастака-кераміста Валерыя Калтыгіна.

                Пленэр па кераміцы “АРТ-ЖЫЖАЛЬ” – адна з галоўных спраў майго жыцця. Нарадзіўся пленер, дзякуючы жаданню пазнання і ўдасканалення мастацтва керамікі, каб раскрыць ў гэтым мастацтве новыя найцікавейшыя рысы і з’явы, якія нясуць асалоду магчымасцяў у рамястве. У пленэры ёсць спецыфіка – абпал дровамі, што стварае таямніцу яднання з жывым Агнём, капрызным і наравістым – гэта мяне і прывабіла.

                 Многа высілкаў каштавала мне прыданне пленеру той формы і зместу, якую ён мае цяпер. У пленэра доўгая гісторыя, якая пачалася з 1992г. І не гледзячы на ўсе перашкоды складанага часу, на ўсе творчыя пошукі і пакуты, пабытовыя праблемы, мне ўдалося стварыць найскладанейшы арганізм супольнай творчасці мастакоў-керамістаў, даць жыццё адзінаму ў Беларусі арыгінальнаму міжнароднаму пленэру па кераміцы ў Бабруйску.

                 Перадусім, пленэр дае магчымасць керамісту падвергнуць сябе выпрабаванню ў рызыкоўнай сур’ёзнай працы з “жывым” агнём і дамагчыся ў гэтым добрых творчых вынікаў.

                 І пленэр па кераміцы – гэта проста своеасаблівая творчая дзейнасць у адной са мностваў форм працы ў матэрыялах, тэхніках і тэхналогіях мастацтва керамікі і, вядома, гэта свята прафесійных, таварысцкіх зносін творчага яднання і ўзбагачэння ведамі і ўмельствам. А для наведвальнікаў-назіральнікаў, сведкаў пленэрнага мазахізму творчых удзельнікаў працэсу вытворчасці – гэта займальнае, цікавае відовішча, шоу, пэрфоменс.”

                                                                                                                     Валерый Калтыгін, мастак-кераміст,                                                                                         арганізатар і нязменны куратар праекта “Арт-Жыжаль”

                  Сёлетняя выстава па кераміцы «Арт-Жыжаль 15 год існавання» – гэта беларускі эксклюзіў у мастацтве і культуры нашага народа, нашай Рэспублікі, свята керамікі.

                  За 15 штогадовых пленэраў “Арт-Жыжаль” у іх узялі ўдзел прафесійныя мастакі-керамісты з 23 краін. Гэта – Азербайджан, Беларусь, Балгарыя, Венесуэла, Вялікабрытанія, Германія, Індыя, Ірландыя, Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Расія, Румынія, Сербія, Славакія, ЗША, Турцыя, Францыя, Украіна, Эстонія, Японія. Іх лепшыя працы прадстаўлены на выставе.

                  Агульны дэвіз усіх пленэраў – “Ад традыцый да сучаснасці праз досвед майстэрства”.

                  15 гадоў кожны пленэр утрымліваў ў сабе вырашэнне якой-небудзь асаблівай тэмы-задання.

                  Выстава «Арт-Жыжаль 15 год існавання» – гэта жаданне Валерыя Калтыгіна падвесці агульныя вынікі плённай працы на працягу 15-ці гадоў лепшых айчынных і замежных мастакоў-керамістаў.

                  На выставе будуць прадстаўлены творы 56 удзельнікаў пленэраў розных гадоў у колькасці 109 кампазіцый (больш за 200 адзінак прац) з калекцыі Бабруйскага мастацкага музея.