25 красавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу беларускага мастака Уладзіміра Казакова “Поле памяці”, прымеркаванай да юбілею аўтара і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

              Рэтраспектыўная выстаўка “Поле памяці” прадстаўляе работы розных гадоў і ахоплівае шырокае кола жыццёвых праблем, якія аўтар імкнецца данесці да гледача ў выразных мастацкіх вобразах. Мастак звяртаецца да сакральных тэм, узнаўляе выгляд хрысціянскіх помнікаў, любуецца роднымі краявідамі, праз нацюрморты выказвае свае адносіны да навакольнага свету.

              Яго жанравыя кампазіцыі ўспрымаюцца як аб’ектыўна-рэалістычнае адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці, часта спалучаюцца з умоўнай трактоўкай сюжэта, што паглыбляе выяўленчы рад палотнаў.

             Выстаўка “Поле памяці” тэматычна апелюе да свядомасці кожнага чалавека, арыентавана на яго самастойны аналіз сучаснага грамадства праз адвечныя духоўныя каштоўнасці. 

             Казакоў Уладзімір Канстанцінавіч нарадзіўся 23.01.1948 г. у в. Упрусы Бранскай вобласці, Расія.

             Вучыўся ў мастацка-прамысловым вучылішчы ў Сергіевым Пасадзе. Працаваў мастаком-дэкаратарам у Кіеўскім тэатры аперэты, мастаком у Ленінградзе. У 1979 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў народных мастакоў Беларусі Г.Вашчанкі, У.Стальмашонка, В.Грамыкі. Працаваў у мастацкім фондзе БССР на базе Гродзенскага мастацкага камбіната.

             Удзельнічае ў мастацкіх выстаўках з 1979 г. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 г. Як педагог, выкладае жывапіс, малюнак, кампазіцыю ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Пры ўдзеле Уладзіміра Казакова падрыхтаваны 26 стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

             З’яўляецца лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко ў галіне культуры і мастацтва за 2000 год. 

             Пасляваеннае пакаленне, да якога належыць аўтар, адчула на сабе боль страты родных і блізкіх. Спаленае нямецка-фашысцкімі карнікамі сяло Упрусы, расстраляныя яго жыхары, сярод якіх 8 родных Уладзіміра, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны бацька-інвалід ІІ групы – усё гэта назаўжды пакінула ў памяці незабыўны след. І невыпадкова, што тэматыка дыпломнай працы студэнта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Уладзіміра Казакова была прысвечана Брэсцкай крэпасці.

             Мастак працуе ў манументальным і станковым жывапісе, выканаў больш за 200 работ у тэхніках энкаўстыкі, мазаікі, сграфіта, вітражу, аб’ёмнага камбінавання з роспісам для дзіцячых садкоў, дамоў культуры Гродзеншчыны. Станковыя працы аўтара знаходзяцца ў музеях Гродна, Лагойска, Пінска, Магілёва, Растова-на-Доне, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Ізраіля, Польшчы, Германіі, Іспаніі, ЗША.


              25 красавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё в адкрыццё выставы акварэлі беларускай мастачкі Святланы Урублеўскай, прымеркаванай да юбілею аўтара і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

             “На фоне Віцебскай акварэльнай школы, шырока вядомай далёка за межамі Беларусі, акварэльныя кампазіцыі Святланы Урублеўскай вызначаюцца сваёй стылістычнай адметнасцю. Ва ўсіх яе творах можна ўбачыць прыкметы індывідуальных адносін да мастацкай формы і добры мастацкі густ.

              Ключавымі канстантамі яе акварэльнага жывапісу сталі два, здавалася б, супрацьлеглыя прынцыпы адлюстравання, якія ўмоўна можна вызначыць як рэалістычна-дэкаратыўны і абстрактна-асацыятыўны.

              Віртуозная “гульня” з колерам у акварэлі адно з асноўных і найбольш цікавых захапленняў Святланы Урублеўскай. Яе прынцыпова формапластычныя акварэлі пазбаўлены прадметнай утылітарнасці, але ў іх знак не засланяе аб’екта які стаў тэмай мастацкіх інтэрпрэтацый. У кампазіцыях аўтара абстрактны вобраз-знак мае ўласную сістэму сэнсаў-значэнняў, у якіх выразна абазначаны эмацыянальная выразнасць і апавядальнасць. Творы мастачкі адначасова – тэкст і візуальная прастора. Магчыма таму акварэлі Святланы Урублеўскай часам падобныя на сны...”                                                                                                                                                        Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацвазнаўства

               Юбілейная выстава Святланы Урублеўскай уключае ў сабе 60 твораў, выкананых у тэхніцы акварэлі. Пераважная большасць з іх створана у межах канцэптуальнага праекту GRAFEMA.BY. Працы абъяднаныя наяўнасцю ў іх разнастайных надпісаў, знакаў і фраз. Графема – гэта мінімальная адзінка графічнай сістэмы мовы – пісьменства. У гісторыі мастацтваў нямала прыкладаў, калі літара, іерогліф, любы графічны сімвал станавіўся мастацкім аб’ектам. У першую чаргу, гэта кітайская і японская каліграфія. Малюнак думкі, якую аўтар жадае перадаць на пісьме, павінен быць аформлены так, каб гледачу быў зразумелы не толькі сэнс напісанага, але і настрой ці душэўны стан, выкліканы ім. Каліграфія – гэта філасофія, адначасова своеасаблівая духоўная практыка і найстаражытнае мастацтва.

                Экспазіцыя выставы разнастайная і не абмяжоўваецца фармальна-шрыфтавымi кампазіцыямі. Вялікая серыя работ “Гісторыя гербаў” выканана на аснове гістарычных гербаў 16-ці найбольш значных беларускіх гарадоў. З астатнімі працамі выставы іх аб’ядноўвае наяўнасць усё тых жа надпісаў, але тут ужо дадаецца і культурна-гістарычны аспект. Пры дапамозе мастацкіх прыёмаў – гэта спроба асцярожнага даследавання гісторыі краіны праз гісторыю канкрэтных гарадоў. Выбудаваны па законах геральдыкі, герб нясе закадаваную інфармацыю пра гісторыю і культуру яго носьбіта. І як любы знак самаідэнтыфікацыі, збольшага і прадвызначае яго развіццё. Герб – гэта сімвал, такі ж як і слова.

                Урублеўская Святлана Паўлаўна нарадзілася ў горадзе Бярдзічаве на Ўкраіне. Скончыла Вiжнiцкае вучылішча прыкладнога мастацтва ў 1978 годзе і Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці ў 1983 годзе. Ад таго часу выкладчык кафедры дызайну УА “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт”. Дацэнт. Сябра Беларускага Саюза мастакоў з 1996 года. Сябра Міжнароднага мастацкага фонду з 2011 года. Актыўна займаецца творчай і выставачнай дзейнасцю. Удзельнічае ў буйных рэспубліканскіх і міжнародных праектах. Удзельнік міжнародных біенале акварэлі – «Артмост» (Санкт-Пецярбург), «Вада + фарба», Беларускай біенале жывапісу, графікі, скульптуры.

                 З 2008года – удзельнік міжнародных пленэраў у Польшчы, Украіне, Расіі, Беларусі, Лiтве, Латвіі, Чарнагорыi.

                 Работы захоўваюцца ў Віцебскім мастацкім музеі, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Вяцкім мастацкім музеі імя А.М. і В.М. Васняцовых (Расія), у фондах Нацыянальнага Саюза мастакоў Украіны, у Магілёўскім мастацкім музеі імя. П. Масленікава.


                 25 красавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы беларускага мастака Алеся Фалея, прымеркаванай да юбілею аўтара і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

                “Для мяне важна жыццё пражыць паўнавартасна, таму ўвесь час і актыўна. Шукаю сябе ў творчасці.”

                                                                                                                                                  Алесь Фалей

                Вядомы расійскі калекцыянер нонканфармісцкага мастацтва Мікалай Благадатаў некалі дакладна адзначыў, што “працы Фалея дыхаюць раскутасцю, якую дазваляюць сабе толькі паэты ў чарнавіках”. А архітэктар Павел Папоў казаў пра Мірона (творчы псеўданім Фалея) так: “Саша па натуры вельмі мяккі чалавек, і ў тойжа час можа быць хвосткім і энергічным. Гэтак і ў яго працы пранізаны гэтым спалучэннем. Напор і экспрэсія падначалены агульнай мелодыі гармоніі. Разбурэнне плоскасці ліста нараджае новыя сусветы, іншую рэальнасць. У гэтым яго дар сапраўднага мастака. Не кожнаму дадзена пачуць ноту ў свісце кулі, нe кожны ўгледзіць у паміраючым прадмеце нараджэнне прыгажосці. Алесь з гэтай кагорты… І, як гэта ні пафасна гучыць, у яго працах ёсць Душа”.

                На выставе ўвазе мінскіх гледачоў аўтар прадставіць больш за 30 маштабных жывапісных прац, а таксама арт-аб’екты, якія найбольш поўна адлюструюць яго творчасць на дадзеным этапе.

                Фалей Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся 28 студзеня 1959 г. у вёсцы Задвея Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. 1992 г. – скончыў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. Спецыяльнасць: мастацкае афармленне і праектаванне вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці. Вось ужо больш 30 гадоў працуе ў жывапісу, графіке, скульптуры, у тэхніцы мастацкага кавання. Стварае арт-аб’екты. Па асабістым прызнанні мастака ў творчасці ён не прытрымліваецца ніякага мастацкага стылю, а знаходзіцца ў сталым пошуку і эксперыментуе ў розных тэхніках. Жыве і працуе ў г. Баранавічы.

                 З 1999 – сябра Саюза мастакоў Беларусі. Удзельнік больш 200 групавых і 28 персанальных выстаў. Узнагароды і званні: 1991 – сябра творчага з’яднання «ОРШЫЦА» 1992 – лаўрэат конкурсу «Art-mark» (г. Віцебск, Беларусь). 2003 – сябра міжнароднага мастацкага аб’яднання МАЙСТАР. 2004 – сябра Міжнароднай Акадэміі графікі. ЧАРАЎНІК (г. Санкт-Пецярбург. Расія). 2004 – 2-я. Міжнародная біенале графікі, ЦВЗ «Манеж», (г. Санкт-Пецярбург, Расія). Першая прэмія і медаль у намінацыі “станковая графіка”. 2006 – 14 міжнародны фэст “Майстар-клас”. Прысвоена званне МАЙСТАР (г. Санкт-Пецярбург, Расія). 2008 – лаўрэат 4 міжнароднага біенале графікі (Санкт Пецярбург Расія). 2011 – 4-Кранштацкі міжнародны экалагічны фэст мастацтваў. Музей гісторыі Кранштата (Расія). 1-е месца. 2013 – Міжнародны скульптурны сімпозіум (г.Пенза, Расія). Конкурс жывапіснай працы. 2-месца.

                Працы захоўваюцца ў Музеі сучаснага мастацтва ЕRARTA, (г. Санкт-Пецярбург, Расія), Музеі гісторыі Кранштата (Расія), Музеі візуальных мастацтваў (г. Корк. Ірландыя); Музеі ім. Урубеля (г. Омск, Расія), Музеі Брэсцкай крэпасці (г. Брэст, Беларусь), Музеі Марка Шагала (г. Віцебск, Беларусь), Краязнаўчым музеі (г. Баранавічы, Беларусь), Краязнаўчым музеі (г. Орша, Беларусь), Маст. галерэя (г. Іванава. Беларусь), Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (г. Мінск, Беларусь), Музеі скульптуры (г.Пенза, Расія), Музеі сучаснага мастацтва (г. Віцебск, Беларусь), Музеі г. Чань-чунь (Кітай). У прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Францыі, Германіі, Шатландыі, Ірландыі, Літвы, Турцыі, Польшчы, Ізраіля, Канады, Кітая, Славакіі, Фінляндыі, Латвіі, Аўстрыі, Сербіі, Македоніі.