3 ліпеня 2019 года Беларусь адзначыць 75 гадоў са дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай знамянальнай даты прымеркавана правядзенне Рэспубліканскай мастацкай выставы, якая заклікае нагадаць сучаснікам пра гераізм і бязцэнны подзвіг іх дзядоў і прадзедаў, паказаць маштаб і трагедыю вайны.

Адкрыццё адбудецца 4 ліпеня 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3).

Сярод шматлікіх падзей, прысвечанных святкаванню гэтай даты, запрашаем наведаць гэтую выставу, якая арганізавана ГА «Беларускі саюз мастакоў” і Рэспубліканскай мастацкай галерэяй. Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. навечна застанецца ў гераічным летапісе Беларусі як сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці. Менавіта беларусы першымі прынялі на сябе вераломны ўдар фашысцкіх захопнікаў 22 чэрвеня 1941 г. Тысячы нашых суайчыннікаў змагаліся ў гэтай вайне. У бязлітаснай барацьбе з ворагам яны паказвалі прыклады мужнасці, стойкасці і гераізму, выконвалі адказныя задачы па абароне Айчыны. Наш святы абавязак -- захоўваць гэтую гераічную спадчыну, баявыя традыцыі беларускага народа, перадаваць новаму пакаленню самае святое пачуццё --любоў да Радзімы, суверэннай і незалежнай Беларусі.

На выставе прадстаўлены творы, якія распавядаюць пра гераізм, мужнасць і стойкасць савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сюжэты пра ўнікальныя чалавечыя лёсы, невядомых або малавядомых ваенных падзеях, інтэрнацыянальным характары подзвігаў, якія здзяйсняліся ў імя Перамогі.

Галоўны сэнс экспазіцыі -- светлая памяць аб тых, хто заваяваў права на неўміручасць самай дарагой цаной -- цаной жыцця. А новаму пакаленню здабыў мір і спакой.