14 жніўня а 17-й гадзіне ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця мастацкай выставы Рэспубліканскага конкурсу «Трыенале маладых мастакоў», які ўпершыню праходзіў у Беларусі у 2019 г.

Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў. Мэта конкурсу – шырокая папулярызацыя мастацкіх дасягненняў маладых беларускіх аўтараў і заахвочванне іх дзейнасці. У праекце прынялі ўдзел аўтары твораў выяўленчага мастацтва ва ўсіх відах, жанрах і мастацкіх тэхніках, выпускнікі, студэнты і навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Конкурс праводзіўся па намінацыях «Скульптура», «Жывапіс», «Графіка», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Навацыя (арт-праект, інсталяцыя)», «Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка», «Куратарскі праект у сферы выяўленчага мастацтва». Экспазіцыю выставы складуць лепшыя творы, адзначаныя адборачнай камісіяй, а ў рамках працы экспазіцыі журы вызначыць лаўрэатаў у кожнай намінацыі. Наведвальнікі выставы таксама змогуць аддаць свае галасы за ўпадабаную працу і вызначыць лаўрэатаў у намінацыі «Глядацкая сімпатыя».

Выстава будзе працаваць да 25 жніўня.