Секцыя Беларускага саюза мастакоў “Верасень” афіцыйна была арганізавана ў структуры БСМ як творчае аб'яднанне ў 1989 г. Ужо вядомые на той момант мастакі-графікі Сяргей Волкаў, Яўген Жылін, Леанід Марчанка, Уладзімір Пашчасцеў, Мікалай Рыжыкаў разам з Георгіем і Наталляй Поплаўскімі, Мікалаем Казловым, Віктарам Кліменкай, Барысам Цітовічам, Міхаілам Міронавым, Уладзімірам Шнарэвічам і іншымі ўтварылі ядро аб'яднання, якое ў 2019 г. адзначае сваё трыццацігоддзе.
“Верасень” стаў адным з цэлага шэрагу творчых супольнасцяў, якія з'явіліся як у Саюзе мастакоў, так і ў нефармальным асяроддзі ў перыяд 1980 – 1990 гг., калі мяняліся і актыўна абмяркоўваліся формы, канцэпцыі і далейшыя шляхі развіцця нацыянальнага мастацтва.
Аб’яднанне сабрала цэлую плеяду таленавітых мастакоў, якія яскрава заявілі аб сабе ў станковых графічных серыях ў тэхніцы афорта, аўталітаграфіі, у малюнку і акварэлі, а таксама ў часопіснай і кніжнай графіцы, плакаце.
Мастакі “Верасня” імкнуліся да філасофскага зместу з лірычным сюжэтам, літаратурным і культурным асацыяцыям, якія ўбіраюць у сябе і рамантычны пафас “суровага стылю”, і ідэю дыялогу мастацкіх моў 1970-х .
Разам з вышэй названымі майстрамі, даўно і трывала займаюць сваё месца ў айчыннай культурнай прасторы і “вераснёўцы” Наталля Сустава, Ірына Лобан, Таццяна Царова, Кацярына Паплаўская, Раіса Сіплевіч, Зінаіда Эрэнбург, Тамара Чарнышова і інш. Можна прыгадаць і імёны мастакоў старэйшага пакалення – Генадзь Дзянісаў, Ірына Волкава, Юрый Кухараў, кінарэжысёр і рэдактар часопіса для дзяцей “Вясёлка” Яўген Ларчанка, Канстанцін Ціхановіч, Аляксандр Шэвераў, Пётр Лысенка.
Вялікае ўздзеянне на аблічча аб’яднання зрабілі погляды на мэты і задачы мастацтва Народнага мастака Беларусі акадэміка Георгія Паплаўскага, майстра глыбокай пластычнай і жывапіснай культуры, незвычайна патрабавальнага да прафесійнага майстэрства.
“Верасень” арыентаваны перш за ўсё на захаванне найважнейшай ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва па-за палітычнай ангажаванасці і масавага густу.
На выставах аб’яднання заўсёды была ўласцівая полістылістыка, якая прадугледжвае дыялог мастацкіх моў. Вялікую ролю ў гэтым адыграла прысутнасць у секцыі майстроў, якія прайшлі маскоўскую графічную школу (І. Андрыянаў, Ю. Зайцаў, М. Казлоў, Н. Сустава, В. Кліменка, І. Лобан, Т. Царова). Дзейнасць некаторых з іх у якасці не толькі ілюстратараў, але і мастацкіх рэдактараў вядучых беларускіх выдавецтваў, шмат у чым паўплывала на фарміраванне нацыянальнай кніжнай графікі, яе самабытнасці і высокі прафесійны ўзровень. Для такіх майстроў кнігі, як Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі С. Волкаў, Н. Паплаўская, У. Пашчасцеў, Н. Казлоў, В. Кліменка, Н. Сустава, Т. Царова, М. Сенькін, праца ў гэтай галіне стала справай жыцця; на аформленых імі выданнях для дзяцей і юнацтва вырасла не адно пакаленне.
Нягледзячы на адрозненне стылістыкі, настаўнікаў і асабістых пераваг, агульнымі для “вераснёўцаў” сталі прынцыпы творчасці – стаўленне да рэчаіснасці, злучэнне сучасных выяўленчых формаў з традыцыямі класічнай эстэтыкі, тонка ўспрынятая сувязь з нацыянальным фальклорам.
Хоць першапачаткова “Верасень” быў у асноўным аб’яднаннем графікаў, многія паспяхова рэалізавалі сябе ў самых розных напрамках творчасці – акварэльным і алейным жывапісе, сцэнаграфіі, дызайне, прыкладным мастацтве, педагагічнай дзейнасці.
Значнае месца ў экспазіцыях аб’ядняння займае акварэль, у якой плённа працуюць такія выдатныя майстры гэтай тэхнікі, як Ірына Лобан, Яўген Саковіч, Уладзімір Шнарэвіч, Наталля Марчанка, Наталля Сустава і інш. У апошні час секцыя таксама папоўнілася цэлым шэрагам жывапісцаў (Раіса Сіплевіч, Элеанора Бубашкіна, Вераніка Віткоўская, Ала Каласенцава, Сяргей Шэмет, Ларыса Зарубіна). Сучасныя стылістычныя тэндэнцыі прыўносяць у секцыю мастакі сярэдняга і маладога пакалення, якія валодаюць уласным творчым почыркам, гэта Наталля Марчанка, Улада Белавусава-Кірыенка, Усевалад Швайба, Тамара Дзяменьц’ева, Марына Эрэнбург, Элеанора Бубашкіна, Сяргей Шэмет. Сярод “вераснёўцаў” нямала педагогаў. У розных мастацкіх навучальных установах выкладаюць Е.Саковіч, І.Лобан, Н.Сустава, В.Швайба, Э.Бубашкіна, В. Віткоўская, А. Каласенцава, Л.Засечына. Тым самым яны робяць важкі ўклад у выхаванне і фарміраванне маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў.
За шмат гадоў у “Верасня” сфармаваўся «свой твар» і пэўныя выставачныя традыцыі. Справаздачныя выставы “вераснёўцаў”, адбываюцца раз у два гады і заўсёды адрозніваюцца тэматычнай і тэхнічнай разнастайнасцю – ад рэалізму і экспрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі, ад алейнага жывапісу – да малюнка і друкаванай графікі, а таксама экспазіцыйнай культурай і прафесіяналізмам.
Акрамя гэтага, члены аб’яднання пастаянна ўдзельнічаюць у розных мастацкіх праектах і пленэрах, праводзяць персанальныя экспазіцыі ў нашай краіне і за яе межамі. Іх працы неаднаразова адзначаліся рэспубликанскімі і міжнароднымі ўзнагародамі.
З моманту стварэння і па гэты дзень, “Верасень” застаецца супольнасцю творчых індывідуальнасцяў, працягваючы годна развіваць прынцыпы эстэтычнай каштоўнасці мастацтва, адказнасці мастака за тое, што ён прыўносіць у свет сваімі творамі, закладзеныя тры дзесяцігоддзі таму.
Марына Эрэнбург,
мастак, арт-крытык
Выстава працягнецца па 15 верасня 2019 г. Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”. Час працы: аўторак – нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень. Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/,На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva