“Мая ідэя візуалізацыі гукаў не новая, многія кампазітары запісвалі свае партытуры графічнымі знакамі. Я б хацела, каб гэтая выстава стала не толькі ежай для душы, але дэсертам высокай кухні. Я б хацела, каб асацыяцыя ад маіх работ пранікала ў сэрца, напаўняла іх любоўю, будзіла ўяўленне тых, хто знаёмы з музыкай. А ў тых, хто не знаёмы - будзіла жаданне пазнаёміцца з музычнымі арыгіналамі прадстаўленых на выставе твораў. Бо пазнанне рухае светам”.
Ірына Кузняцова, мастак, дызайнер
Кажучы пра мастацтва Ірыны Кузняцовай, перш за ўсё, варта адзначыць канцэпцыю яе творчасці: “Жывапіс, музыка, паэзія – адзіны код мыслення”.
Вобласць творчай актыўнасці Ірыны Кузняцовай разнастайная. За 50 творчых гадоў яна працавала ў розных матэрыялах: вырабляла літы вітраж для інтэр’ераў сталіцы, займалася мастацкім шклом, кампутарнай графікай, фатаграфіяй. Ёй належала ідэя стварэння і правядзення міжнароднага дзіцячага пленэру. Працавала рэферэнтам па працы з дзецьмі і моладзі ў Беларускім саюзе мастакоў. Была куратарам шматлікіх выстаў маладых мастакоў. Адна з першых пачала займацца абстрактным жывапісам. Выдала некалькі зборнікаў сваіх вершаў і казак. Ужо некалькі гадоў Ірына займаецца канцэптуальным мастацтвам.
У экспазіцыю яе канцэптуальнага праекта ўвайшло каля 30 работ (жывапіс, кампутарная графіка, шкло, інсталяцыі), большасць з якіх выканана ў 2019 годзе. Усе яны прысвечаны музыцы і разлічаны на спрактыкаванага гледача. Мяркуецца, што ў рытмічных формах жывапісных работ гледачы пачуюць рытмы ўжо знаёмых музычных твораў ад класікі да джазавых кампазіцый. Напрыклад, Трыпціх “Першы канцэрт Чайкоўскага”, Вівальдзі “Чатыры пары года”, Шапэн “Накцюрн Фа-дыез мажор”, серыя “Музычная Амерыка 50-х гадоў”.
У рамках агульнай канцэпцыі выставы для кожнай карціны ў Ірыны знойдзена свая пластычная мова. Гукі нараджаюць ўяўленне, уяўленне – тэму, тэма падказвае форму. Большасць работ чорна-белыя, як клавішы на раялі, як фрак дырыжора. Аўтар выставы і з’яўляецца такім дырыжорам свайго праекта, які сабраў разам не толькі розныя жанры выяўленчага мастацтва, але і людзей якія спрыяюць больш поўнаму ўспрыманню зададзенай канцэпцыі. Тэму падтрымлівае відэа-арт, створаны яе сынам Аляксеем Кузняцовым. У выкананні ўнучкі мастачкі Ульяны Ігумнавай на адкрыцці выставы прагучыць сола на скрыпцы з вядомага цыклу Антоніа Вівальдзі “Чатыры пары года”. Трэба адзначыць, што асноўным памочнікам і крытыкам мастачка, натуральна, лічыць свайго мужа, мастака Анатоля Кузняцова.
Выстава працягнецца да 15 верасня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva