13 лістапада 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі “Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс” арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

Чым больш роляў мы на сябе прымяраем, тым больш мы рухаемся наперад і пазнаем свет. Ёсць шмат прыкладаў, калі творцы праяўлялі сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці, а не толькі ў той вузкай прафесійнай галіне, дзе атрымалі адукацыю. Адзін з такіх прыкладаў – творчасць прафесійных мастакоў-графікаў Яўгеніі Ліс і Алеся Лася. Яўгенія адкрыла ў сабе талент рэжысёра батлеечнага тэатра, развівалася як актрыса, рабіла лялькі і пісала сцэнары. Алесь навучыўся рабіць музычныя інструменты і іграць на іх, аднавіў беларускую дуду, ліру, стварыў не адну музычную капэлю.

Выстава “Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс” – адлюстраванне перыяду творчага жыцця маладых мастакоў ў вёсцы Зарудзічы Залескага сельскага савета. Батлейка памяняла ракурс творчасці мастакоў, якіх захапіла праца па вырабу лялек, напісанні новых сцэнароў для спектакляў, экспедыцыі і знаёмства з традыцыйнай музыкай і спевамі. Дзякуючы батлейцы, ў Залессі з’явілася Школа Мастацтваў у Палацы М.К. Агінскага, загучэлі дуда і ліра карбовая, знайшліся цудоўныя народныя музыканты – скрыпачы, цымбалісты, акардэаністы, якія адкрылі непазнаны свет народнай творчасці для мастакоў-графікаў. Не ўсё ўдалася зрабіць згодна планам, але Залессе стала яшчэ адной акадэміяй жыцця, пазнання саміх сябе і наваколля.

Дамінантай выстаўкі стала тэма Дзядоў – часа, калі мёртвыя прыходзяць да жывых. Гэта час успомніць пра тых творцаў, што былі разам з намі, сваякоў, родных, сяброў музыкаў. Гэта час ушанаваць памяць таленавітай мастачкі Яўгеніі Ліс, якая 10 гадоў таму адышла ў іншы свет.

Мастак не можа спыніцца ў творчых пошуках. Працы, выстаўленыя Алесем Ласём, інспіраваныя не толькі залесскім перыядам жыцця, але праяўляюць прыгажосць Налібокскага краю і старой Літвы, у цэнтры якой месціцца яго сядзіба “Хутар Дудара” з адзіным ў Беларусі “жывым” музеем музычных інструментаў і тэатрам “Батлейка”, якія прыцягваюць да сябе сотні зацікаўленых гледачоў.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 50 жывапісных і графічных прац Алеся Лася і Яўгеніі Ліс. А таксама серыя малюнкаў лялек і самой батлейкі з фондаў Ленінградскага музея этнаграфіі народаў СССР, якія выкладчык кафедры графікі БДТМІ Людміла Міхайлаўна Кальмаева (сяброўства з якой і паспрыяла захапленню яе маладымі студэнтамі народным лялечным тэатрам), зрабіла яшчэ ў 1966 годзе.

Алесь Лось Нарадзіўся ў 1958 г. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава (1977), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1983) Вучыўся у А.Малішэўскага і Л.Кальмаевай. Удзельнік мастацкіх выставаў з 1982 г. Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1989 г.Працуе ў станкавай графіцы і плакаце. З 1983 года даследуе этнічную культуру Беларусі. Рэканструяваў беларускія народныя інструменты ліру і дуду.

Яўгенія Ліс (1956 – 2009) Скончыла Мінскую мастацкую вучэльню (1975), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Удзельніца мастацкіх выстаў з 1980 г. Сябра БСМ з 1991 г. Працавала ў станковым жывапісе і графіцы.


Выстава працягнецца па 22 лістапада 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00; Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva