13 лістапада 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы “Праўда пра Курапаты” мастакоў творчай секцыі “Пагоня”.

Дакумэнтальна-мастацкая выстава “Праўда пра Курапаты” адлюстроўвае гісторыю і сённяшні дзень старога хваёвага лесу на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску, дзе ў 1930-я гады савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей — нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.

Выставу ладзяць Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз мастакоў”, секцыя “Пагоня” Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” пры ўдзеле грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” ды шэрагу структураў грамадзянскай супольнасці.

На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, плакат, фотадакументы. Свае новыя творы пакажуць вядомыя мастакі – Эдуард Агуновіч, Віктар Мікіта, Аляксей Марачкін, Ніна Сакалова-Кубай, Генадзь Драздоў, а таксама маладзейшае пакаленне сяброў Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх – Усевалад Свентахоўскі, Наталля Піневіч, Уладзімір Лавецкі ды іншыя.

Падчас выставы запланаваны сустрэчы, экскурсіі і прэзентацыя кнігі “НКВД забіваў у Курапатах…”

На ўрачыстым адкрыцці выставы выступяць пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Аляксей Марачкін.

Куратары выставы: Марат Гаравы, Ігар Марачкін

Выстава працягнецца па 22 лістапада 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17)288-15-49; +375 (29)844-99-68 (МТС); +375 (29)264-68-48 (МТС). З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva