8 мая ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” пачынае сваю працу Рэспубліканскай мастацкая выстава “75 гадоў Памяці”.

Знамянальны юбілей – 75 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – нагадвае нам пра падзеі і вынікі мінулага, пра гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Сёння нас аддзяляе ад пераможнага мая 1945 года вялікі адрэзак часу, і гэта дазваляе адлюстроўваць ваенную тэматыку праз яе сапраўднае гучанне, без штампаў, патэтыкі і бравурных інтанацый. Выставачны праект пад час сёлетняга юбілею гаворыць пра Памяць – гістарычную, сямейную, асабістую. Менавіта Памяць стала асноўным і пераканаўчым кампанентам творчасці беларускіх мастакоў, якія ў асабістай біяграфіі ці праз сям’ю датыкнуліся да драматычных падзей вайны.

Значная частка экспазіцыі дэманструе гледачам работы з новага праекта Беларускага саюза мастакоў “Залатая калекцыя”. Гэта больш за 100 жывапісных палотнаў і графічных лістоў з фондаў грамадскай арганізацыі, напісаных з пачатку 1960-х па 1990 гады і прысвечаных тэме вайны. Многія аўтары прадстаўленых твораў (Л.Шчамялёў, М.Залозны, М.Данцыг, В.Цвірка, Я.Зайцаў, І.Стасевіч, У.Стальмашонак, Г.Вашчанка, І.Басаў, М.Селяшчук і іншыя) – выдатныя майстры савецкага і сучаснага айчыннага мастацтва. Маштабныя палотны гэтых мастакоў пераканаўча раскрываюць успрыманне падзей вайны і лёсу яе звычайных удзельнікаў у кантэксце канцэпцыі Памяці як найважнейшай маральнай катэгорыі.

На выставе можна пазнаёміцца як з хрэстаматыйнымі, добра вядомымі ўсім творамі, так і з работамі, знаёмымі толькі спецыялістам. Аб’ядноўваюць карціны з калекцыі Беларускага саюза мастакоў у адной экспазіцыйнай прасторы тыя шчырыя і сапраўдныя эмоцыі, якія яны выклікаюць у гледачоў. “У гэтых работах пераконвае асабістае ўспрымайнне вайны. Нягледзячы на каноны і ўмовы, якія ў той момант былі ўстаноўлены для мастацтва, у карцінах нашых папярэднікаў гучыць жывы, шчыры голас сапраўданага жывапісу, – лічыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. – Нават тыя мастакі, якія не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, прыйшлі ў творчасць у пасляваенны час, выраслі пад уражаннем бацькоўскіх гісторый, успрымалі вайну як частку ўласнага жыцця”.

Выставачны праект “75 гадоў Памяці” не дае ацэнак падзеям ваеннага часу. Ён працягвае асэнсаванне вайны у творах сучасных аўтараў, паказвае сённяшнюю эвалюцыю адносін да трагічных старонак гісторыі краіны мінулага стагоддзя.

Сярод удзельнікаў выставы – прадстаўнікі розных пакаленняў, ужо сталыя і зусім маладыя аўтары. Асаблівая ўвага аддадзена творам народных мастакоў Беларусі М.Савіцкага, В. Грамыкі, В.Шаранговіча, Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, Л.Гумілеўскага.

Вайна – гэта не толькі боль і смерць, кроў, выбухі снарадаў, пераможныя салюты. Вайна – гэта сапраўднае сяброўства, вернасць; гэта каханне, вострае адчуванне прыгажосці зямлі, якую трэба ратаваць ад ворагаў; гэта ўспаміны і разважанні.

Тэмы і канцэпцыі работ сучаных аўтараў даволі шырокія. Мастакі па-рознаму перажываюць тэмы вайны і перамогі, мінулага і сучаснасці. Мастацкая выстава дазваляе кожнаму творцу прамаўляць па-свойму, гаварыць моўчкі, удумліва, далікатна і глыбока эмацыянальна. Яна таксама дазваляе любому, нават самаму патрабавальнаму гледачу, убачыць у экспазіцыі нешта новае, цікавае, сугучнае з іх унутранымі адчуваннямі, і адчуць жывы водгук у сэрцы.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны асаблівая і для маладых мастакоў. Для ўнукаў і праўнукаў пераможцаў гэта тэма чалавечых пакутаў і вартасці чалавечага жыцця, захавання памяці аб подзвігу, выяўленне хісткасці і крохкасці сучаснага міра перад сусветным катастрофамі.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні ГА “БСМ”


Выстава працуе да 31 мая 2020 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.


Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень. Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).


З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva