24 чэрвеня 2020 г., а 17 гадзіне, у Палацы мастацтва (Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы вядомага гродзенскага жывапісца Сяргея Асапрылкі “Іншая рэальнасць.” У экспазіцыю ўвойдуць новыя працы, напісаныя мастаком у гэтым годзе.

“...Нішто не прадказвала, што пасля бліскучай абароны дыпломнай карціны (1983 г.) Сяргей Асапрылка збочыць з праверанай дарогі рэалістычнай жывапісу і стане мастаком «іншай рэальнасці».

Яго працы розных гадоў прыцягваюць увагу, хвалююць, і на іх можна глядзець доўга... Так глядзяць на агонь, на сляды птушыных лапак, на перапляценне сцяблінаў травы, на вячэрнія цені дрэў, на аблок... Пералік таго, што натхняе мастака ў яго мінімалістычных спробах выказаць убачанае і адчутае, – можа быць бясконца доўгім.

Часам, гледзячы на вялікія палотны Сяргея, прыходзіць думка, што нешта падобнае ты ўжо бачыў, але дзе і пры якіх абставінах, – узгадаць не можаш.

Вось тут і пачынаеш разумець, чаму аўтар назваў сваю персанальную выстаўку “Іншая рэальнасць”. Магчыма, усю гэтую простую гармонію ліній і каляровых плям ты бачыў, калі быў малым, яшчэ не ўмеў прамаўляць словы... А можа, сустрэнеш іх у сваім наступным жыцці.»

Уладзімір Сцяпан, пісьменнік


Асапрылка Сяргей Трафімавіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1958 г. У 1973 – 1977 гг. вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы ім. А.К. Глебава, пасля працягнуў вучобу 1977 – 1983 у БДТМІ (аддзяленне жывапісу). З 1983 года жыве і працуе ў Гродне. З'яўляецца сябрам Беларускага Саюза мастакоў з 1996 году. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі "Беларускі саюз мастакоў" у 1996 – 2001 гг. У 2004 г. уступіў у Саюз польскіх мастакоў у Беларусі. Выкладчыцкую дзейнасць пачаў у 1994 г. у ГДУ імя. Янкі Купалы.

З 1996 года і па сённяшні дзень выкладае мастацкія дысцыпліны, у цяперашні час у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Выстава працягнецца па 5 ліпеня 2020 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС); +375 (29) 264-68-48 (МТС).

З інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belartunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/ На нашай старонцы ў Facebook: https://facebook/com/mastatstva