“Шаноўны, спадзяюся, невыпадковы наведвальнік выставы!
Калі ласка, прыйшоўшы на выставу, уважліва, удумліва прачытайце анатацыю да яе і нетаропка прайдзіцеся па экспазіцыі ад працы да працы. І пастарайцеся ўявіць сабе трыццацігадовы жыццёвы і творчы шлях невялікай першаснай структуры БСМ у правінцыйным горадзе Бабруйску. Гэта шлях няпросты, поўны дасягненняў, расчараванняў, праблем і, у чымсьці, драматызму.
У цяперашні час Бабруйская гарадская арганізацыя самая невялікая, налічвае ў сваіх шэрагах усяго 10 чалавек і стваралася ў тыя часы, калі па Статуту СМ СССР гэтая магчымасць існавала пры наяўнасці 10-ці сяброў. Трыццаць гадоў – для чалавечага жыцця з дня нараджэння – гэта перыяд пачатку, пошуку і фарміравання жыццёвай пазіцыі, а для арганізацыі, на жаль, пэўная, не вельмі радасная пара падвядзення вынікаў.
90-я гады мінулага стагоддзя – гэта наша актыўная маладосць у творчасці, поўная сіл, жаданняў, энтузіязму, ілюзій, шчасця барацьбы і стварэння, рэальнага адчування сваёй значнасці ў культурным жыцці горада. Гэты час сур’ёзных перамен у краіне, вялікіх, часта непасільных у вырашэнні, праблем эканамічнага і фінансавага характару. Падобныя, у той ці іншай меры, крытычныя сітуацыі тады перажылі ўсе абласныя арганізацыі. І перажываюць да гэтага часу. Да чаго мы прыйшлі ў сваіх жыццёвых перыпетыях ў 20-м годзе гэтага стагоддзя – выстава вельмі паказальная.
У экспазіцыі прадстаўлены творы розных гадоў, у асноўным гэта рэтраспектыва: жывапіс, графіка, ДПМ (кераміка, скура, батык, мадэляванне).
Мы вырашылі паказаць сучаснаму гледачу ўвесь творчы патэнцыял, які існаваў у маладой гарадской арганізацыі з 1990 па 2020 гады. Страта яго адчувальная і незаменная.
З 1998 г. па 2012 г. з жыцця і творчасці сышлі адзін за адным вядучыя бабруйскія мастакі, якія працавалі актыўна і сур’ёзна: Э. Белагураў, Ю. Нікіфараў, У. Дамарад, У. Рубцоў, А. Ясюкайць.
З 2003 года па ініцыятыве арганізацыі ў Бабруйску рэгулярна праводзяцца міжнародныя пленэры па кераміцы «Арт-Жыжаль». Але гэта ўжо асобная тэма для размовы, пра творчасць у кераміцы.
Такім чынам, у мінулым 30 гадоў.”
Валерый Калтыгін, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА «БСМ».
Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/