8 ліпеня а 17-й гадзіне ў зале “Арт-партал” Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” адкрыецца выставачны праект “Беларусь – яднанне”, Куратар праекта – журналіст, мастацтвазнаўца, сябра секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў Пётра Васілеўскі.

“Выстава прысвечана вялікай падзеі беларускай гісторыі – уз’яднанню заходняй часткі нашай краіны, што па выніках савецка-польскай вайны 1919 – 1921 гадоў трапіла пад польскую уладу, з Савецкай Беларуссю. Адбылося гэта ў 1939 годзе. Летась быў 80-гадовы юбілей Яднання. Падзеі таго далёкага верасня, калі з палітычнай карты Еўропы знікла Польская дзяржава, у шэрагу краін свету трактуюцца як пачатак Другой сусветнай вайны, а Польшча як першая ахвяра агрэсара. Пры тым, што годам раней (1938) была Мюнхенская змова, калі лідары Заходняй Еўропы фактычна падарылі Гітлеру ладны кавалак Чэхаславакіі. А яшчэ ёсць думка што Першая сусветная вайна не канчалася, але павольна перашла ў Другую.

Адносна трактоўкі верасня 1939 года найбольш актыўна дыскутуюць і спрачаюцца ў Польшчы і Расіі. Адны сцвярджаюць, што Гітлер і Сталін знішчілі іх краіну, другія – што Расія проста вярнула сваё і да таго ж узмашніла сваю абароназдольнасць, пасуўшы дзяржаўную мяжу на захад. А вось беларусы, каго ўсё гэта датычыць наўпрост, чамусьці маўчаць. Беларускі погляд на тыя падзеі фактычна невядомы сусветнай грамадзе.

Гэтай выставай мы хацелі нагадаць, што беларусы не абыякавыя да згаданых гістарычных падзей. Мы, безумна спачуваючы народу польскаму, які стаў закладнікам так званай вялікай палітыкі і авантурызму свайго ўраду, лічым, што ў верасні 1939 года аднасна нашай зямлі была адноўлена гістарычная справядлівасть. У выніку вызваленчага пахода Чырвонай Арміі пад беларускі дах вярнуліся беларускія зямлі, што дваццаць год знаходзіліся пад апольскай акупацыяй.

Беларусь ў 1939 годзе набыла крытычную масу, якая ёй дазволіла захаваць сваю тоеснасць, не стаць “Паўночна-Заходнім краем” Расіі і “Крэсамі ўсходнімі” Польшчы. Уз’яднанне дазволіла нам як нацыі выстаяць ў віхуры стагоддзя. Узяднанне па сутнасці стала інвестыцыяй у будучыню Беларусі.

У выставе бяруць удзел прадстаўнікі шэрагу творчых цэхаў – графікі, жывапісцы, скульптары, мастакі ДПМ. Сярод аўтараў – Глеб Отчык, Леў Гумілеўскі, Рыгор Сітніца, Сяргей Аганаў, Павел Вайніцкі, Ала Непачаловіч, Вольга Рэднікіна, Андрэй Дубінін. Самім фактам удзелу ў гэтай культурнай акцыі яны даводзяць, што ім дарагая наша краіна і яе гісторыя. Выстава не ўзнаўляе храналогію гістарычных падзей, але распавядае пра культурна-гістарычныя каштоўнасці, што ў 1939 годзе зноў сталі беларускімі, а перад гэтым дваццаць год лічыліся польскімі. Ёсць на выставе і творы, якія вобразна адлюстроўваюць супярэчлівасці, без якіх у свеце не адбываецца ніводнай значнай падзеі.”

Пётра Васілеўскі


Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).

Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/