3 верасня 2020 года (чацвер) а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы “АРМАГЕДОН” вядомага беларускага мастака, сябра творчай суполкі “Пагоня”, Алеся Мары (Аляксея Марачкіна). Выстава прымеркавана да 80-годдзя мастака. Экспазіцыя юбілейнай выставы Алеся Мары дазволіць прасачыць працэс творчага станаўлення мастака ад студэнцкіх работ да вялікіх жывапісных палотнаў, многія з якіх ўжо сталі класікай беларускага жывапісу. Сярод іх – “Вітаўт”, “Мікола Гусоўскі”, “Алаіза Пашкевіч (Цётка)”, “Максім і Вераніка” ды іншыя.

Назва выставы “АРМАГЕДОН” адпавядае актыўнай грамадзянскай пазіцыі мастака, пра якую ён смела і паслядоўна заяўляе ў сваёй творчасці. Алесь Мара – мастак, які заўсёды рэагуе на вострыя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства. Пра гэта сведчаць палотны розных гадоў – “Сцяна” (2001), “Плошча” (2010), “Пераможцы” (2010), “Навала” (2013), “Рыцар на ўсе часы” (2014), серыя карцін “Дровы” (2010-2019) і многія іншыя. Менавіта такія творы, напоўненыя глыбокай трывогай за лёс краіны, знаходзяць усё больш прыхільнікаў творчасці Алеся Мары.

Было б несправядліва казаць, што ўся творчасць Алеся Мары прасякнута толькі сацыяльнымі праблемамі. Мастака зачароўвае асаблівая прыгажосць нашай зямлі. З пачуццём замілавання напісаны краявіды на яго роднай Магілёўшчыне і на азёрнай Віцебшчыне, дзе ён хадзіў сцежкамі Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую спадчыну. Творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на мастака не толькі з боку яго мастацкіх адкрыццяў, але і як на асобу, грамадзяніна сваёй краіны.

Разнастайнасць стылёвых пошукаў сведчыць пра мастака, які не затрымліваецца на ўдалых знаходках каляровай і пластычнай мовы. На выставе можна ўбачыць не толькі фігуратыўныя кампазіцыі, але і абстрактныя каляровыя палотны, як даніна віцебскай мастацкай школе 20-30 гадоў мінулага стагоддзя. Упершыню будуць экспанавацца жывапісныя карціны, створаныя ў гэтым годзе на пленэры ў Чарнагорыі, дзе мастаку падчас пандэміі прыйшлося затрымацца на тры з паловай месяцы пры зачыненых межах.

Сярод графічных работ варта звярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы Уладзіміра Някляева “Вавукі”, над якімі Алесь Мара працаваў у апошні час. Серыя з 12 аркушаў – гэта развагі мастака і паэта пра каханне і жыццё, дадзеныя нам Богам. Экспазіцыю выставы дапоўняць унікальныя аўтарскія інсталяцыі рознай тэматыкі. Увазе наведвальнікаў будуць прапанаваны дакументальны фільм “Мара” (рэжысёр Уладзімір Арлоў), а таксама дзве кароткаметражныя стужкі, створаныя мастаком на аснове ўласнага кінаархіва.

Выстава будзе працаваць з 03.09 да 17.09.2020 штодзень, акрамя панядзелка з 11:00 да 19:00 гадзін.