28 студзеня (чацвер) 2021 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы вядомага беларускага графіка Ларысы Журавовіч “Святло зямлі, святло нябёсаў”.

Вяртанне Ларысы Журавовіч пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і Творчых майстэрняў Акадэміі мастацтваў СССР у родныя Бялынічы, на радзіму знакамітага пейзажыста В.К.Бялыніцкага-Бірулі, вызначыла далейшы жыццёвы і творчы шлях мастачкі. У Бялынічах мастачка шукала “вясковыя” вуліцы, пісала эцюды, нацюрморты, пазней пейзажы, партрэты, якія канчаткова сцвердзілі яе ў галоўнай тэме творчасці: захаваць у працах свет беларускай вёскі такім, якім яна ведала яго з дзяцінства, якім заўжды любіла – прыгожым і гарманічным, сціплым і непатрабавальным, з мудрымі і сумленныя людзьмі.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца: “Творчасць Ларысы Журавовіч – з’ява ўнікальная. Мастачка бачыць паэзію ў надзённым, адкрывае глыбокі сэнс у бытавых рэаліях паўсядзённага жыцця. Можна сказаць, яна малюе тое, што ёй на самай справе блізка і зразумела. Кожная праца: нацюрморт, пейзаж або партрэт – вынік сінтэзу філасофскіх разваг аўтара і яе непасрэдных натурных уражанняў. Ланцужок творчых адкрыццяў мастачкі невычэрпны. Гэта і вясковы побыт, і прадметы ўжытку, якія здаюцца такімі чужымі і нязвыклымі гараджаніну, але не перастаюць быць гарманічнымі, значнымі, суцэльнымі пры натуральным укладзе жыцця, які яшчэ захаваўся ў беларускай глыбінцы. Менавіта тут можна і сёння знайсці сапраўдную першазданнасць. Трэба толькі ўмець яе заўважаць”.

Новая персанальная выстава Ларысы Віктараўны сведчыць, што творчы і тэматычны дыяпазон мастачкі пашыраецца, вырасла і майстэрства выканання: да яе ўлюбёнай змешанай тэхнікі (гуаш, акварэль) дабавіліся работы сухой пастэллю.

Ларыса Журавовіч: “Выстава “Святло зямля, святло нябесаў…” – аб адзінстве нябеснага і зямнога у жыцці чалавека, іх узаемасувязі, доўгай, непарыўнай... Яна – аб святле, што сагравае нас знутры, святле духоўным і душэўным. Гэта святло часта аказваецца для нас нават больш важным, чым святло сонца. Яно нябачные для вачэй, але дзіўным чынам выяўляецца ў будынках храмаў, інтэр'ерах капліц, упрыгожаных ручнікамі, абразах і колерах, з любоўю зробленых рукамі вясковых жыхароў, самых простых і складаных прадметах навакольнага нас свету. Я бачу яго ў гармоніі прыроды, тварах людзей.

На выставе прадстаўлена серыя графічных лістоў ,,Вяртанне”', якая ўключае рэканструкцыю хрысціянскіх храмаў, якія існавалі сто гадоў таму ў Бялыніцкім раёне. Некалькі работ прысвечаны гістарычнаму мінуламу Бялынічаў, якія з XVII стагоддзя з'яўляліся цэнтрам духоўнага жыцця краю, дзякуючы існаванню цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці. Малюнак гэтага абраза стаў у 2002 годзе гербам горада Бялынічы. Велічны касцёл кармелітаў, Мікалаеўская царква і яшчэ дванаццаць храмаў. Зараз яны – толькі старонкі мінулага... Да цяперашняга часу захаваліся толькі дзве капліцы. Ад большасці зніклых храмаў не засталося нават фотаздымкаў. Іх знешні выгляд можна было аднавіць толькі па ўспамінах старэйшых жыхароў, якіх, на шчасце, удалося адшукаць. Дзесяткі сустрэч, сотні кіламетраў... Інфармацыю давялося збіраць па крупінках.

Багаты, змястоўны ўнутраны свет людзей, якіх я добра ведаю, натхніў мяне на стварэнне серыі партрэтаў ”Землякі”. Графічныя аркушы з серыі “Вясновыя дні” – пра людзей, якія працуюць на зямлі, выконваючы найстаражытную біблейскую запаведзь. І, вядома, у экспазіцыі прадстаўлены мае любімыя нацюрморты. Бо ўсё, да чаго датыкаецца рука чалавека, нясе водсвет яго душы ...”

Выстава працуе да 7 лютага 2021 года

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).

Журавовіч Ларыса Віктараўна 1965 нарадзілася ў г.Белынічы Магілёўскай вобласці

1983 скончыла Гімназію- каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка

1983-1989 вучылася на аддзяленні графікі БДТМІ

1991-1994 вучылася ў Творчых майстэрнях АМ СССР (майстэрня графікі Г.Г.Поплавского)

1993 сябра Беларускага саюза мастакоў

2002 аўтар герба і сцяга г. Бялынічаў

ўзнагароджана

1989 бронзавым медалём Акадэміі Мастацтваў СССР за дыпломную працу-серыю каляровых афортаў “Восень.Зямля і людзі” 2000 памятным знакам ”

2000 год хрысціянства”

2016 нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ”За ўклад у развіццё культуры Беларусі”

Удзельнічае ў выставах з 1983г.

Жыве і працуе ў г.Белынічы

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленнікава, Быхаўскім і Шклоўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Гомельскай карціннай галерэі імя Г.Х.Ващенко, Светлагорскай карціннай галерэі імя Г.Пранішнікава, музеі гісторыі і культуры г. Оршы, Бабруйскім мастацкім музеі, Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, прыватных зборах Германіі, Швейцарыі, Велікабрытаніі, Польшчы, Расіі, Ізраіля, Аўстраліі.