28 студзеня (чацвер) 2021 года в 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі”Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адкрыецца персанальны выставачны праект “Памежны стан” Кацярыны Сумаравай, лаўрэата Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў.

Работа Кацярыны Сумаравай “Плашчаніца” (туш, акрыл, палатно, 2020), па меркаванню мастацтвазнаўчага журы, стала вызначальнай для буйной мастацкай падзеі, якую праводзіў Беларускі саюз мастакоў у канцы мінулага года і атрымала гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў. Гэта работа адсылае гледача да знакамітага тэсту Роршаха, па якім можна інтуітыўна выявіць жахі, спадзяванні, мэты, адштурхоўваючыся візуальных і пачуццёвых уражанняў, накладзеных на персанальны вопыт гледача.

Як пераможца Кацярына Сумарава прэзентуе сваю творчасць у фармаце персанальнай выставы, у экспазіцыі якой будуць прадстаўлены работы з цыклаў “Суб'ектыўны краявід”, “Памежны стан”, “Рэзервуарыўм”, а таксама з новай нізкі-рэфлексіі “Плашчаніца”.

Серыя “Памежны стан” і нізка “Плашчаніца” – своеасаблівае мастацкае даследаванне ўнутранага стану чалавека, першасна, самой аўтаркі, у якім прысутнічае яе ўласная рэфлексія на жыццёвыя калізіі, навакольнае асяроддзе ў кантэксце псіхалогіі, геаграфіі, гісторыі, геапалітыкі. Гэта рэфлексія перадаецца ў жывапісе Кацярыны Сумаравай праз пластыстыку колераў, праз настрой. Краявід/ландшафт губляе геаграфічныя рысы і ўвасабляе сабой сусвет і адпаведна чалавека ў ім. А работы становяцца суб’ектыўным, перапрацаваным асабістым вопытам мастачкі.

Кацярына Сумарава: “Мае карціны – гэта мае эмацыянальныя станы, часта за імі стаяць падзеі, адносіны, успаміны, урыўкі сноў, слоў, дэталі быцця. Гэта рэфлексія, дзённік, які прачытаць літаральна магу толькі я. Але і для мяне мае ж карціны з часам становяцца толькі вобразамі, якія нясуць пэўны зарад. Непасрэдная сувязь паміж мной і карцінамі абрываецца, і яны пачынаюць жыць сваім жыццём, уступаючы ў дыялог з гледачом. Мой творчы працэс – гэта свайго роду перапрацоўка навакольнай рэчаіснасці і пагружэнне ва ўласную падсвядомасць, з мэтай знайсці збалансаваны вобраз і выйсці з працы, нібы пасля медытацыі, абноўленай і моцнай”.

Сёння Кацярына Сумарава – мастак з ярка выяўленай індывідуальнасцю і ўласнай тэмай. Вобразы яе карцін – вытанчаныя і дасканалыя. Складаная колеравая гама, паўтоны, пераходы, адценні, пачуцці – усё гэта прысутнічае ў яе жывапісных палотнах. А работы напоўнены яркімі метафарамі.

Выстава працуе да 7 лютага 2021 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).

Кацярына Васільеўна Сумарава Нарадзілася ў 1979 годзе ў Мінску.

1998 г. скончыла Гімназію- каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка.

2004 г. скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

2005 г. – “Вольнае даследаванне” пры Акадэміі мастацтваў, Карара, Італія.

2007 г. сябра Беларускага саюза мастакоў, секцыі жывапісу.

2008 г. член Савета маладых творцаў пры Канфедэрацыі творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь.

2008˗2010 гг. працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кафедра жывапісу.

Кацярына Сумарава актыўна выстаўляецца, удзельнічае ў міжнародных пленэрах, конкурсах і фестывалях у Беларусі, Польшчы, Літве, Славеніі, Японіі. Дыпламантка многіх мастацкіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У 2012 годзе яе карціна «Паралельнасць» прадстаўляла Беларусь на 5-м Міжнародным біенале ў Пекіне.

Работы знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Украіны, Германіі, Галандыі, Літвы, Італіі, Японіі, Ірана, ААЭ, ЗША, Канады.