28 студзеня (чацвер) 2021 года ў 18.00 у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (вул.Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы работ пераможцаў I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў “VIVAT VITA” і выставачнага праекта “Графіка года”.

Арт-фестываль выяўленчага мастацтва, у межах якога адбыліся I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў і выставачны праект “Графіка года”, праходзіў у снежні 2020 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” і стаў самай яркай творчай падзеяй мінулага года. Велізарная колькасць аўтараў, прадстаўленая ў экспазіцыі, розныя жанры, тэхнікі, спосабы і метады мастацкага даследавання жыцця, з якім можна было пазнаёміцца на выставе, выклікала сапраўдную цікавасць у шматлікіх гледачоў. Іх закраналі і прымушалі разважаць філасофскія і сацыяльныя тэмы работ: пераасэнсаванне важных вех у нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры, разважанні над вечнымі пытаннямі светабудовы, праблемы экалогіі.

З больш як 200 работ сяброў Беларускага саюза мастакоў, якія адначасова з экспазіцыяй удзельнічалі ў конкурсе па розных намінацыях, запрошаным журы з вядучых мастацтвазнаўцаў краіны былі адабраны лепшыя.

Так, Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў атрымала мастак-жывапісец Кацярына Сумарава.

Пераможцамі ў намінацыі “жывапіс” сталі – Васіль Касцючэнка (1 месца), Таццяна Радзівілка (2 месца), Аляксандр Даманаў (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “графіка” – Юрый Якавенка (1 месца), Юрый Тарэеў (2 месца), Уладзімір Шапавалаў (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “скульптура” – Канстанцін Селіханаў (1 месца), Сяргей Аганаў (2 месца), Аляксандр Сакалоў (3 месца).

Таксама былі вызначаны лепшыя работы праекта “Графіка года”. Пераможцамі ў намінацыі “Арыгінальная графіка” сталі – Вера Каўзановіч (1 месца), Уладзімір Рынкевіч (2 месца), Андрэй Савіч (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “Друкаваная графіка” – Марыя Кошалева-Ліхота (1 месца), Андрэй Басалыга (2 месца), Марыя Мароз (3 месца).

У вялікай зале Палаца мастацтаў можна будзе ўбачыць як творы, якія занялі прызавыя месцы, так і невялікія міні-экспазіцыі кожнага з пераможцаў конкурсу.

Выстава працуе да 7 лютага 2021 года

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).